24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У вышэйшых эшалонах улады Кітая фарміруецца ўстойлівае стаўленне да Беларусі. Аб гэтым Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заявіў у інтэрв'ю ТАСС, паведамляе БЕЛТА.
Дыпламат звярнуў увагу на актыўнае развіццё палітычнага супрацоўніцтва паміж краінамі. Паводле слоў Кірыла Рудага, яго важным індыкатарам з'яўляюцца ўзаемныя візіты.
"Штогадовыя сустрэчы прэзідэнтаў - "ледаколы", якія пракладаюць дарогу. Праходзяць і пасяджэнні міжурадавых камітэтаў, камісій. У гэтым годзе ў нас былі яшчэ два вялікія візіты - віцэ-старшыні Кітая Ван Цішаня, і Чжаа Лэцзі - кіраўніка Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны. Усё гэта візіты высокага ўзроўню, якія падкрэсліваюць, што фарміруецца ўстойлівае стаўленне да Беларусі ў вышэйшых эшалонах улады Кітая", - адзначыў пасол.
Кірыл Руды заўважыў, што паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам склаліся вельмі дружалюбныя асабістыя адносіны яшчэ да таго, як цяперашні лідар Кітая стаў Старшынёй КНР. "Ён у 2010 годзе прыязджаў у Мінск у статусе намесніка старшыні КНР - былі працяглыя фармальныя і нефармальныя гутаркі. Там, дарэчы, нарадзілася ідэя стварэння Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Таму палітычная атмасфера, безумоўна, яна адыгрывае важную ролю ў беларуска-кітайскіх адносінах", - расказаў субяседнік.
"Мы нават іншым часам праводзім паралель, што ў Азіі ёсць Пакістан, які гістарычна сябруе з Кітаем, ну, а мы за 26 гадоў дыпадносін паступова сталі такім надзейным сябрам і саратнікам Кітая ў Еўропе. Усёй гэтай палітычнай атмасферай ужо пранікліся і простыя беларусы - усе ведаюць, што нашы краіны і кіраўнікі дзвюх дзяржаў сябруюць", - дадаў дыпламат.