28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі за гады незалежнасці палепшыліся ўмовы для развіцця інавацый. Аб гэтым у размове з карэспандэнтам БЕЛТА заявіў акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Усанаў.
"У 1990-я гады назіраўся адток вучоных за мяжу з-за маленькай зарплаты, адсутнасці неабходных умоў для работы. За гады незалежнасці ўсё вельмі змянілася. Шмат зроблена для навукі. Дзяржавай і кіраўніцтвам Акадэміі навук створаны выдатныя ўмовы для развіцця інавацый, ёсць добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Мы рэалізуем нашы распрацоўкі на практыцы", - сказаў Сяргей Усанаў.
У прыватнасці, беларускія вучоныя дасягнулі значных вынікаў у галіне фармацэўтыкі. "Мы не толькі распрацоўваем новыя рэцэптуры, субстанцыі, але і выпускаем на сваіх прадпрыемствах запатрабаваныя прэпараты для Міністэрства аховы здароўя. Многае робіцца і для сельскай гаспадаркі: мінеральныя ўгнаенні, пестыцыды. Ніводная галіна народнай гаспадаркі не застаецца без увагі", - адзначыў вучоны.
Паводле яго слоў, многія беларускія распрацоўкі добра вядомы за мяжой. "Усе інстытуты імкнуцца публікаваць у міжнародных высакарэйтынгавых часопісах інфармацыю аб самых яркіх распрацоўках. У Акадэміі навук штогод праводзіцца конкурс па вызначэнні топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Абавязковай умовай з'яўляецца публікацыя гэтых вынікаў у міжнародных выданнях з высокім імпакт-фактарам", - расказаў Сяргей Усанаў.
Па выніках 2019 года у топ-10 лепшых увайшлі распрацоўкі беларускіх вучоных у самых розных сферах, у тым ліку ў галіне фізікі, хіміі, прадуктаў харчавання, прыродакарыстання, радыебіялогіі, гісторыі.