3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай узнімаюць дружбу да новых вяршынь і напаўняюць яе новым зместам. Аб гэтым заявіў 3 ліпеня Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін у час адкрыцця мабільнай экспазіцыі "Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. - ліпень 1944 г." у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы атрымліваем у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў кітайска-беларускую дружбу, узнімаем яе да новых вяршынь і напаўняем новым зместам", - сказаў Цуй Цымін.
Пасол адзначыў, што 72 гады таму ў выніку вельмі цяжкай барацьбы Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў той час кітайскі народ вёў апошнюю бітву з японскімі мілітарыстамі. "Другая сусветная вайна - гэта агульная памяць Кітая і Беларусі, народаў абедзвюх краін. У гэтай вайне кітайскі і беларускі народы падтрымлівалі і дапамагалі адзін аднаму і пралітай крывёю скавалі брацкую дружбу", - падкрэсліў дыпламат.
Як паведамлялася, 3 ліпеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася мабільная экспазіцыя "Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. - ліпень 1944 г.". Праект рэалізаваны сумесна з пасольствам Кітая ў Беларусі. Галоўная яго мэта - зрабіць музей больш даступным для наведвальнікаў з аддаленых куткоў Беларусі.