Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

6 Лют 2020

"Трэба адну з дарог назваць Чакрабарці" - Лукашэнка падзякаваў кіраўніку ЕБРР за супрацоўніцтва з Беларуссю


6 лютага, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэзідэнту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Суме Чакрабарці за супрацоўніцтва з Беларуссю і прапанаваў у яго гонар назваць адну з дарог краіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На вялікі жаль, вы вырашылі завяршыць свой перыяд кіраўніцтва банкам. Я яшчэ раз падкрэсліваю: вельмі шкада, - адзначыў Прэзідэнт, вітаючы кіраўніка банка. - Тым не менш жыццё ёсць жыццё, яно на гэтым не заканчваецца. Будзе вельмі правільна, калі я ад імя беларускага народа выкажу вам удзячнасць за ўсё, што было зроблена у перыяд кіраўніцтва вамі банкам у Беларусі".

За гады супрацоўніцтва ЕБРР інвесціраваў у краіну 3 млрд еўра. Толькі за мінулы год аб'ём інвестыцый склаў амаль 400 млн еўра. "Мы ачышчалі ваду, уцяплялі дамы, будавалі самыя сучасныя дарогі за гэтыя грошы. Гэта звязана з вашым імем, і я тут нічога не перабольшваю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і з доляй гумару прапанаваў: - Трэба адну з дарог назваць Чакрабарці, таму што лепшыя дарогі пабудаваны з падтрымкай банка".

Паводле яго слоў, Беларусь спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з банкам у сферы будаўніцтва і рэканструкцыі дарог. "Паколькі дарогі, якія мы з вамі пабудавалі, яны не толькі для беларусаў, а можа, і не столькі для беларусаў, колькі для Расіі, іншых усходніх дзяржаў і Еўрапейскага саюза, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Толькі за мінулы год па дарогах Беларусі з усходу на захад перамешчана 110 млн т грузу. І больш як 70 працэнтаў - гэта грузы не для Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка таксама разлічвае на прадаўжэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння з новым кіраўніцтвам ЕБРР, а таксама з Сумам Чакрабарці на новай пасадзе. "Вы вельмі значны чалавек у Вялікабрытаніі. Калі вы застаняцеся ў Лондане, мы вельмі разлічваем, што вы дапаможаце нам устанавіць такія ж дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, якія ў нас склаліся з вашым банкам", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Улічваючы, што вы наш надзейны, лепшы сябар, ведайце, што ў Беларусь вы можаце прыехаць у любы час, - дадаў ён. - Мы вас з задавальненнем заўсёды сустрэнем".

У сваю чаргу Сума Чакрабарці падзякаваў беларускаму лідару за такую высокую ацэнку яго дзейнасці на чале банка: "Вы прымусілі мяне крыху засаромецца". Ён падкрэсліў, што адносіны паміж Беларуссю і ЕБРР умацоўваліся дзякуючы падтрымцы з боку Аляксандра Лукашэнкі. "Менавіта пад вашым кіраўніцтвам мы праводзілі тут шмат праектаў і прыкладалі намаганні для развіцця дзяржавы", - адзначыў прэзідэнт ЕБРР.

Сума Чакрабарці ўступіў на пасаду прэзідэнта ЕБРР у 2012 годзе, у 2016-м быў перавыбраны на гэту пасаду яшчэ на чатыры гады. Паколькі ён не плануе перавыбірацца яшчэ раз, у ліпені 2020 года тэрмін яго паўнамоцтваў заканчваецца.

У сакавіку 2020 года таксама завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка прадстаўніцтва банка ў Беларусі Аляксандра Піваварскага, які працаваў на гэтай пасадзе з 2016 года. Ужо вядома, што пасаду зойме Марына Пятроў. Да назначэння яна была намеснікам кіраўніка прадстаўніцтва ЕБРР ва Украіне.

Беларусь з'яўляецца членам ЕБРР з 1992 года, ёй належаць 6002 акцыі (0,2 працэнта ад агульнай колькасці). Аб'ём фінансавых рэсурсаў, прадастаўленых ЕБРР з 1992 па 2019 год, склаў амаль 2,9 млрд еўра.

У 2019-м гадавы аб'ём інвестыцый банка ў Беларусь дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню, перасягнуўшы рэкорд 2018 года 360 млн еўра, і склаў 390 млн еўра. Гэта дало Беларусі магчымасць заняць дзявятае месца сярод краін па гадавым аб'ёме аперацый ЕБРР у 2019 годзе. Найбольшую фінансавую дапамогу ад банка атрымалі Егіпет, Украіна і Турцыя.

Агульная колькасць гадавых інвестыцый ЕБРР у мінулым годзе таксама дасягнула рэкордных паказчыкаў за ўсю гісторыю банка - 10,1 млрд еўра, якія былі ўкладзены ў 452 праекты (у 2018-м - 9,5 млрд еўра).

Цяпер банк рыхтуе дакумент аб стратэгічным планаванні дзейнасці на 2021-2025 гады. Прадугледжваецца, што ў гэты перыяд гадавы паказчык інвестыцый банка павялічыцца да 11,4 млрд еўра. Асаблівы акцэнт плануецца зрабіць на праекты, якія садзейнічаюць пераходу да нізкавугляроднай эканомікі, прымяненню і ўкараненню новых тэхналогій, забеспячэнню роўных магчымасцей.

Акрамя таго, банк разлічвае прадоўжыць падтрыхтоўку да ўзаемадзеяння з новымі краінамі ў рэгіёне Паўднёвага і Усходняга Міжземнамор'я, у прыватнасці Алжырам, Лівіяй, Сірыяй.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі