Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

18 Лют 2015

Стэфана Б'янкі: Італьянскі бізнес з узрастаючым інтарэсам глядзіць у бок Беларусі

Стэфана Б'янкі: Італьянскі бізнес з узрастаючым інтарэсам глядзіць у бок Беларусі

18 лютага, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Прадстаўнікі італьянскага бізнесу з узрастаючым інтарэсам глядзяць у бок Беларусі, паведаміў 18 лютага на сустрэчы ў Брэсцкім аблвыканкаме Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі Стэфана Б'янкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Стэфана Б'янкі адзначыў, што яго першая паездка ў беларускі рэгіён галоўным чынам мае эканамічны характар і прадыктавана жаданнем актуалізаваць інфармацыю аб умовах вядзення бізнесу для інвестараў. "У Італіі крызіс знаходзіцца ў стадыі павольнага пераадолення. Італьянскія прадпрыемствы пераглядаюць сваю палітыку ў бок інтэрнацыяналізацыі дзейнасці, шукаюць новыя рынкі, месцы для сваіх вытворчасцей. Многія з іх з усё большым інтарэсам звяртаюцца да нас за інфармацыяй пра Беларусь", - паведаміў дыпаламат.

Да сустрэчы ў аблвыканкаме італьянскі пасол наведаў свабодную эканамічную зону "Брэст" і сустрэўся з прадстаўнікамі італьянскага бізнесу. Станоўчыя вынікі іх дзейнасці з'яўляюцца добрым прыкладам і стымулам для прыцягнення патэнцыяльных інвестараў у Беларусь, перакананы Стэфана Б'янкі.

У сваю чаргу старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс адзначыў, што Брэстчына заўсёды адкрыта для плённага ўзаемадзеяння ва ўсіх галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Ён паведаміў, што на тэрыторыі рэгіёна функцыянуюць 87 прадпрыемстваў з італьянскім капіталам. Тавараабарот Брэсцкай вобласці і Італіі за 2014 год склаў крыху больш за $77 млн. Тэмп росту да 2013 года - 113 працэнтаў. "Гэта добрыя паказчыкі, аднак яны далёка не ў поўнай меры адлюстроўваюць патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння ў знешнеэканамічнай сферы. Спадзяюся, наша першая сустрэча паслужыць імпульсам да доўгатэрміновага супрацоўніцтва", - сказаў губернатар.

Удзельнікі сустрэчы не пакінулі без увагі і праект па стварэнні ў Брэсце італьянскай прамысловай акругі. Мемарандум аб узаемаразуменні па пытанні развіцця гэтай акругі быў падпісаны яшчэ ў чэрвені 2011 года ў час сустрэчы міністраў замежных спраў дзвюх краін. З гэтай мэтай у свабоднай эканамічнай зоне ў раёне аэрапорта Брэст зарэзерваваны два ўчасткі: 26 га зямель з гатовай інжынернай інфраструктурай для размяшчэння прамысловых аб'ектаў, а таксама пры неабходнасці дадаткова яшчэ 174 га свабодных зямель. "Беларусь выканала ўсе свае абавязацельствы ў сувязі з гэтым і цяпер чакае адказу ад партнёраў з боку Італіі", - дадаў Анатоль Ліс.

Стэфана Б'янкі адзначыў, што італьянскі бок не страціў інтарэс да праекта. На думку дыпламата, для перазапуску праекта па стварэнні прамысловай акругі ў Брэсце ёсць добрая база. Прычым не толькі юрыдычная. "Па шэрагу прычын, у першую чаргу ў сувязі з эканамічным крызісам і скарачэннем узроўню вытворчасці ў Італіі, праект пакуль не працуе. Але існуе ўзаемнае жаданне па яго рэалізацыі. Важным фактарам для запуску праекта з'яўляецца і тое, што нягледзячы на неспрыяльную эканамічную кан'юнктуру, апошнія тры гады ў Беларусі назіраўся рост тавараабароту з Італіяй і рост колькасці італьянскіх інвестараў, якія ўкладваюць свой капітал у Беларусь. Ад гэтага таксама трэба адштурхоўвацца, каб зноў запусціць праект па стварэнні прамысловай акругі", - выказаў меркаванне пасол Італіі.

Прамысловая акруга - гэта своеасаблівая мадэль вытворчага развіцця, апрабаваная ў многіх абласцях Італіі. У аснове гэтай мадэлі знаходзяцца некаторыя буйныя прадпрыемствы, вакол якіх канцэнтруюцца іншыя, больш дробныя, што пастаўляюць ім сыравіну, або прадастаўляюць паслугі. Гэты вузел, на думку распрацоўшчыкаў праекта, з'яўляецца важным кампанентам, які забяспечвае ўстойлівасць развіцця акругі і саміх прадпрыемстваў.

У час рабочага візіту ў Брэсцкую вобласць Стэфана Б'янкі таксама прыняў удзел у адкрыцці выстаўкі фатаграфіі "Землестаянне. Эмілія 2012. Культурная спадчына пасля землетрасення". Вернісаж прайшоў у Выставачнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі