29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пяцігадовая дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" ў асноўным выканана, заявіў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
"У гэтым годзе завяршаецца пяцігадовая дзяржаўная праграма "Культура Беларусі". Канкрэтныя высновы будуць зроблены ў пачатку 2016 года, але папярэдні аналіз работы дае магчымасць гаварыць аб цалкам дастойнай карціне. Праграма ў асноўным выканана, і калі нейкія моманты ажыццявіць не ўдалося, то гэта таму, што само жыццё ўнесла карэктывы і працэсы эканамічнага, дэмаграфічнага характару, іншыя працэсы жыцця грамадства так ці інакш паўплывалі на гэту праграму", - сказаў міністр.
Больш таго, закладзены добрыя асновы і перакінуты мосцік на наступную праграму "Культура", якая разлічана да 2020 года. "Адным з такіх мосцікаў, вобразна кажучы, з'яўляецца праект Кодэкса аб культуры, над якім вялася работа даволі доўгі час і які ў канцы 2015 года быў прыняты ў першым чытанні", - адзначыў Барыс Святлоў.
Падводзячы папярэднія вынікі дзяржпраграмы "Замкі Беларусі", Барыс Святлоў назваў шэраг аб'ектаў, рэканструкцыя якіх вялася гэтыя гады. Атрымалі абноўленыя будынкі Купалаўскі тэатр, ТЮГ, Маладзёжны тэатр. Адрамантаваны царква ў вёсцы Азярцо, мемарыял Мужнасці і Смутку ў Мінску, завершаны капітальны рамонт будынка музея-дачы Васіля Быкава.