24 лістапада, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Беларуская сучасная харэаграфія развіваецца з пункту гледжання прафесіяналізму і набывае ўсё больш паклоннікаў. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі міністр культуры Барыс Святлоў, які прымаў удзел ва ўрачыстым адкрыцці XXIX Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC-2016) у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр падкрэсліў, што віцебскі танцавальны фестываль штогод здзіўляе высокім прафесіяналізмам. Ён развіваецца, набірае абароты, становіцца ўсё больш цікавым па характары праграм, якія тут прадстаўлены, па разнастайнасці ўдзельнікаў і ў цэлым па арганізацыі. Барыс Святлоў таксама адзначыў, што ў Беларусі існуюць і паспяхова развіваюцца некалькі харэаграфічных фестываляў высокага ўзроўню. "Але мне асабліва імпануе тое, што кожны з іх мае сваю непаўторнасць. І ў гэтым іх прывабнасць і перавага", - сказаў Барыс Святлоў.
"У віцебскага фестывалю ёсць свая адметнасць - чаргаванне міжнароднага і нацыянальнага конкурсу. Гэта дае магчымасць нам правесці агляд сваіх сіл, сувымераць іх з лепшымі сусветнымі ўзорамі і, вядома ж, прадэманстраваць ўласныя дасягненні, - падкрэсліў міністр. - Наша мастацтва харэаграфіі з аднаго боку развіваецца і становіцца ўсё больш высокапрафесійным. З іншага - гэта мастацтва ідзе ў масы. З'яўляюцца новыя школы, у тым ліку і прыватныя, дзе навучаюць і сучаснаму, і класічнаму мастацтву. Не слабее і цікавасць публікі да харэаграфічных фестываляў".
"Беларусь не стаіць на месцы. Нельга сказаць, што мы наперадзе планеты ўсёй, але тое, што мы маем сваю непаўторнасць, сапраўды так", - перакананы Барыс Святлоў. Адказваючы на пытанне наконт таго, чаму ён аддае перавагу на фестывалі сучаснай харэаграфіі, міністр адзначыў, што заўсёды глядзіць пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і праграмы, якія прадстаўляе Перм.
Фестывальныя мерапрыемствы будуць праходзіць у Віцебску па 27 лістапада. Ключавая падзея фестывалю - конкурс сучаснай харэаграфіі. У бягучым годзе ён міжнародны (чаргуецца з нацыянальным). У Віцебск прыехалі 32 калектывы, якія прадстаўляюць 9 краін (Беларусь, Расія, Украіна, Літва, Польшча, Малдова, Швецыя, Эстонія, Кітай).
Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі абласны і гарадскі выканкамы, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а арганізатарам - дзяржустанова "Цэнтр культуры "Віцебск".