У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

30 Ліс 2018

"Сітуацыя ў ільногаліне не радасная" - на якія пытанні Лукашэнка чакае адказаў ад чыноўнікаў


30 лістапада, Орша /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Каб вывесці льняную галіну на эфектыўны ўзровень работы, неабходна ў першую чаргу аб'ектыўна вызначыць праблемныя пытанні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Оршы на нарадзе па развіцці льняной галіны і перапрацоўкі лёну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы на працягу года, напэўна, адкладвалі правядзенне гэтай нарады. Далей адкладваць няма куды. Гэты год быў момантам ісціны для вытворчасці лёну і рапсу - мы яшчэ пагаворым пра гэту культуру, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння наша задача - аб'ектыўна вызначыць праблемныя пытанні з тым, каб вывесці нарэшце льняную галіну на эфектыўны ўзровень работы. Таму мне патрэбны аргументаваныя, шчырыя і сумленныя адказы на ўсе пытанні. Не спрабуйце, падтуліўшы хвост, бойка далажыць, які гераізм вы ажыццявілі ў гэтай галіне".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўвага да гэтай сферы невыпадковая. Беларусь - адна з вядучых краін - вытворцаў ільновалакна. Да таго ж лён - гэта адзіны штогод выпускаемы від сыравіны для тэкстыльнай прамысловасці. Сёння беларускія прадпрыемствы выпускаюць спецыялізаваную тэхніку для яго вырошчвання і ўборкі, а заводы асвойваюць і развіваюць новыя напрамкі выкарыстання льновалакна, кастрыцы і льнасемя.

"Цяпер у нас аднаўляецца такая, здавалася, страчаная пазіцыя, як вытворчасць ільнянога алею. Некалькі гадоў таму мы яго поўнасцю імпартавалі", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне яшчэ некалькі гадоў таму вызначыліся з тэхналогіяй вырошчвання, аптымальнымі тэрмінамі сяўбы і ўборкі лёну, з падыходамі да работы Аршанскага льнокамбіната і тэхнічнага перааснашчэння льнозаводаў і льнасеяльных арганізацый.

"Але сітуацыя ў ільногаліне не радасная. Так, трэба сказаць, што нейкі маленькі-маленькі прырост ёсць, дынаміка ў патрэбным напрамку. Не толькі таму, што рынак сёння дапамог нам, попыт пайшоў, але яшчэ і таму, што неяк заварушыліся, у гаспадарках пачалі больш увагі ўдзяляць лёну. Але гэта ж слёзы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, яго насцярожвае, што на нарадах з году ў год узнімаюцца адны і тыя ж пытанні. "Праблемы ёсць як у вытворцаў лёну, так і ў яго перапрацоўшчыкаў, аднак эфектыўных рашэнняў не прапануюць ні губернатары, ні ўрад", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка спытаў, чаму па-ранейшаму не выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты па падборы глеб і іх апрацоўцы, што перашкаджае сеяць лён і паднімаць ільнотрасту ў агратэхнічныя тэрміны і чаму для закладкі таварных пасеваў выкарыстоўваецца няякаснае насенне. "Гэта пытанні сельскай гаспадаркі, сельгаспрадпрыемстваў", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, якая ў краіне праведзена работа па стварэнні машын для ўсяго тэхналагічнага цыкла, чаму ў ільнасеяльных арганізацый да гэтага часу няма неабходнай тэхнікі для вырошчвання і ўборкі лёну. "Што перашкаджае поўнай загрузцы вытворчых магутнасцей нашых ільнозаводаў? Чаму яны працуюць неэфектыўна, а іх мадэрнізацыя звялася да банальнай замены зношаных вузлоў і агрэгатаў? У чым прычына адсутнасці якаснага льновалакна ў неабходным аб'ёме і невыканання дзяржзаказу?" - узняў шэраг праблемных пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што Расія і Кітай, якія купляюць ільновалакно ў Беларусі, вырабляюць тавары, якія карыстаюцца большым попытам у параўнанні з беларускімі. "Дзе тэхналогіі, спецыялісты, якія павінны прасоўваць айчынную льняную прадукцыю?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў развіццё Аршанскага льнокамбіната з 2007 года ўкладзена $212 млн. Што ў такім выпадку стрымлівае нармальнае развіццё прадпрыемства, спытаў ён. "Сёння мы вызначыліся: 30-35 працэнтаў яны могуць дабавіць, у іх магутнасцей хапае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс