23 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дыялог паміж Беларуссю і Італіяй заснаваны на ўзаемадаверы. Аб гэтым сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі Стэфана Б'янкі сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Году італьянскай культуры ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат лічыць, што культурнае супрацоўніцтва збліжае два народы. "Культурныя сувязі неабходны для лепшага знаёмства з Італіяй, - сказаў Стэфана Б'янкі. - Яны даюць магчымасць італьянцам і беларусам умацоўваць асабістыя адносіны, узмацняць палітычнае і эканамічнае ўзаемадзеянне, у тым ліку рэгіянальнае. Пасольства Італіі ў Мінску стварае магчымасці для культурнага дыялогу і падтрымлівае праекты, накіраваныя на ўзаемаўзбагачэнне італьянскай і беларускай культур".
Пры гэтым дыпламат звярнуў увагу на той факт, што італьянская дыпмісія штогод павялічвае колькасць рэалізуемых у Беларусі культурных праектаў.