Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

1 Жнв 2017

Снапкоў заклікаў кітайскі бізнес заняць актыўную пазіцыю па стварэнні СП у Беларусі

Снапкоў заклікаў кітайскі бізнес заняць актыўную пазіцыю па стварэнні СП у Беларусі

1 жніўня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў заклікаў кітайскі бізнес заняць актыўную пазіцыю па стварэнні сумесных вытворчасцей у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння на перагаворах з кітайскай дэлегацыяй на чале са старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР Сяа Яцынам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Упэўнены, што прысутныя на сустрэчы карпарацыі, у якіх ёсць абмяркоўваемыя праекты, пасля візіту зоймуць актыўную пазіцыю па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у Беларусі. Сёння мы пачулі шмат добрых, цёплых і накіраваных на дасягненне выніку слоў ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Упэўнены, што гэта будзе стымулам рэалізаваць у максімальна кароткія тэрміны максімальна эфектыўныя праекты", - сказаў Мікалай Снапкоў. Ён падкрэсліў важнасць цяперашняга візіту для ўмацавання і развіцця прамысловага патэнцыялу дзвюх краін.

Асобна Мікалай Снапкоў спыніўся на сумеснай рабоце беларускіх і кітайскіх спецыялістаў над указам нумар 166, які стварыў беспрэцэдэнтныя ўмовы вядзення бізнесу на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "У рамках падрыхтоўкі гэтага ўказа канкрэтна спрацаваў прынцып ініцыятывы "Адзін пояс - адзін шлях", - адзначыў ён. - Умовы фарміраваліся сумесна кітайскімі і беларускімі экспертамі. На прыкладзе парка мы на практыцы паказваем усяму свету, наколькі выгадна і эфектыўна сумеснае будаўніцтва, сумесны ўдзел для развіцця дзвюх краін".

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама пракаменціраваў прапановы кітайскага боку, агучаныя сёння на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Першая ініцыятыва датычылася стварэння кітайска-беларускага прамысловага інвестыцыйнага фонду. "Думаю, трэба адпрацаваць два асноўныя моманты: першы - сістэму работы, статут фонду, другі - юрысдыкцыю фонду", - прапанаваў Мікалай Снапкоў.

Ён падтрымаў прапанову актыўней даследаваць рынак, перш чым запускаць канкрэтныя праекты, каб у выніку яны былі максімальна эфектыўнымі. За аснову неабходна браць даручэнне Аляксандра Лукашэнкі па стварэнні прадпрыемстваў заўтрашняга дня. "Думаю, у нас ёсць усе магчымасці самім ствараць рынкі, інавацыйныя прадукты, попыт на якія мы будзем фарміраваць праз прапанаванне, - сказаў Мікалай Снапкоў. - Напрыклад, Кітай у мінулым годзе выйшаў на перадавыя месцы ў свеце па вытворчасці і выкарыстанні аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі. За пяць гадоў, з 2011 года, рост вытворчасці павялічыўся ў пяцьдзясят разоў і ў мінулым годзе склаў 500 тыс. аўтамабіляў. Хіба гэта не новыя магчымасці, не новыя рынкі, не выкананне даручэнняў нашых лідараў па фарміраванні прадпрыемстваў з эканомікай заўтрашняга дня?"

Трэцяя ініцыятыва датычылася супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. "Падрыхтоўка кадраў, адукацыя - гэта базавыя рэчы для ўзаемадзеяння. Мы з задавальненнем будзем вучыцца, узбагачацца ведамі, пераймаць вопыт рэформ КНР па кіраванні карпарацыямі, фарміраванні магутных, эфектыўных, канкурэнтаздольных дзяржкарпарацый", - падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Акрамя таго, Мікалай Снапкоў вітаў уключэнне праектаў парка "Вялікі камень" у спіс кантролю Камітэта па кантролі і кіраванні маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР. "Гэта вельмі важны элемент паспяховасці парка. Вельмі важна меркаванне з боку не толькі экспертаў, але і рэгулятара", - дадаў ён.

У сваю чаргу Сяа Яцын адзначыў важнасць усебаковага развіцця адносін паміж Кітаем і Беларуссю. "Мы глыбока адчуваем дружбу паміж Сі Цзіньпінам і Аляксандрам Лукашэнкам, народамі Кітая і Беларусі. Цёплыя словы і выказванні Аляксандра Лукашэнкі адыгрываюць важную ролю ў ажыццяўленні праектаў, асабліва ў індустрыяльным парку "Вялікі камень", - сказаў ён. - Разам са мной прыехалі прадстаўнікі 16 дзяржаўных карпарацый, якія займаюць перадавыя месцы ў рэйтынгу Кітая, большасць з іх вядомы ва ўсім свеце. Некаторыя ўжо маюць праекты ў індустрыяльным парку, некаторыя - вядуць перагаворы па ўваходжанні ў парк. Мэта нашай паездкі - рэалізацыя дамоўленасцей лідараў дзвюх краін".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі