16 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Кітай выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў 16 верасня на мерапрыемстве з нагоды 67-годдзя з дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мікалай Снапкоў адзначыў магутны рост аўтарытэту Кітая на міжнароднай арэне. Аб гэтым сведчыць і паспяховае правядзенне ў Кітаі саміту G20, а таксама ўключэнне юаня ў лік сусветных рэзервовых валют. Вылучаная старшынёй КНР ініцыятыва стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху сёння прыкметна змяняе эканамічную геаграфію ў свеце.
Ён падкрэсліў, што Кітай і Беларусь блізкія не геаграфіяй, а дружбай і даверам. "Мы выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень супрацоўніцтва, мы абменьваемся візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях, а сёння Кітай для Беларусі - гэта значна больш, чым стратэгічны партнёр", - сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. На яго думку, лідары дзвюх дзяржаў даюць магутны імпульс узаемадзеянню паміж Беларуссю і КНР.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", як важны элемент будаўніцтва эканамічнай зоны Шаўковага шляху, прырастае інфраструктурай і новымі праектамі.
Мікалай Снапкоў таксама звярнуў увагу на той факт, што 25 гадоў беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін - гэта важная вяха.