У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

2 Май 2019

СМІ трэба больш канцэнтравацца на пашырэнні пазітыўнага парадку дня - Карлюкевіч

СМІ трэба больш канцэнтравацца на пашырэнні пазітыўнага парадку дня - Карлюкевіч

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СМІ трэба больш канцэнтравацца на пашырэнні пазітыўнага парадку дня, заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сумленна прадстаўляючы грамадству жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці і не хаваючы праблем, СМІ ўсё ж трэба больш канцэнтравацца на пашырэнні пазітыўнага парадку дня. Не разбураць, але ствараць", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Міністр акцэнтаваў асаблівую ўвагу на распаўсюджванні фэйкавай інфармацыі: "Цэлыя дзяржавы на розных кантынентах сёння не проста выказваюць заклапочанасць засіллем фэйк-ньюзаў, нянавісці і жорсткасці ў медыяпрасторы, а на заканадаўчым узроўні спрабуюць змагацца з гэтым глабальным злом. Разумеючы яго прыроду, мы разумеем і тое, што аднымі забаронамі праўду не абараніць, а нянавісць не спыніць. Менавіта ў гэтай сітуацыі як ніколі важна роля прафесійных, аўтарытэтных СМІ. Вы можаце эфектыўна процістаяць гэтай агульнай для розных краін і народаў праблеме".

Паводле слоў Аляксандра Карлюкевіча, усё, што для гэтага патрабуецца, - свята захоўваць прынцыпы журналістыкі і вышэй за ўсё цаніць давер аўдыторыі - свайго галоўнага рэдактара. "Людзі, паверце, хочуць давяраць вам, а не сумніўным рэсурсам ці то жоўтых, ці то чорных адценняў", - дадаў ён.

У выстаўцы, якая праводзіцца з 2 па 4 мая, удзельнічаюць больш за 50 экспанентаў. Шырока прадстаўлены друкаваныя і электронныя СМІ, а таксама сеткавыя выданні, якія пачалі рэгістравацца ў нашай краіне згодна з новаўвядзеннем у заканадаўства з 1 снежня 2018 года.

Наведвальнікам форуму прапанавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая складаецца з прэзентацый інфармацыйнах і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесій, майстар-класаў. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркуюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы. Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія раскажуць аб удзеле ў сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў. Адбудзецца прэзентацыя спартыўных выданняў.

На сваіх стэндах беларускія СМІ прадставяць праекты ў рамках рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае". Вялікае месца ў праграме выстаўкі адведзена праектам БЕЛТА, прэс-службаў і камунікацыйных агенцтваў. У прыватнасці, Беларускае тэлеграфнае агенцтва прадстаўляе но форуме ўнікальныя кадры фотаархіва 1941-1944 гадоў, знаёміць з партызанскімі часопісамі. Стэнд БЕЛТА таксама прэзентуе традыцыі суверэннай Беларусі, стане пляцоўкай для сустрэчы са спартсменамі і ўстанаўлення новага рэкорду.

Цэнтральныя тэмы выстаўкі - 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ІІ Еўрапейскія гульні, сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, адраджэнне малой радзімы. Сярод асаблівасцей цяперашняга форуму - правядзенне 3 мая першага тэматычнага Дня піяру, а таксама шырокая прэзентацыя сеткавых СМІ, сярод якіх інтэрнэт-выданне Мediana.by, заснаванае сумесна з факультэтам журналістыкі БДУ, Міністэрствам інфармацыі і Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы. Традыцыйна ў рамках выстаўкі 3 мая на пляцоўцы "Дыпсэрвіс Хол" будуць уручаны ўзнагароды пераможцам у 23 намінацыях Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая літара" - у гэтым годзе на ўдзел у ім паступіла больш за 330 заявак. А 4 мая на "СМІ ў Беларусі" дзіцячы дзень. Выстаўка будзе прадстаўлена вачамі самых юных яе ўдзельнікаў.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, Нацыянальнага выставачнага цэнтра "БелЭкспа", іншых органаў дзяржкіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску