Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

25 Чэр 2015

Скварцоў: Актыўнае развіццё гуманітарных кантактаў умацоўвае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Ізраілем

25 чэрвеня, Тэль-Авіў /Кар. БЕЛТА/. Актыўнае развіццё гуманітарных кантактаў умацоўвае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Ізраілем. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў на ўрачыстым мерапрыемстве ў Тэль-Авіве, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларуска-ізраільскія двухбаковыя адносіны маюць канструктыўны характар, і гэта датычыцца розных сфер узаемадзеяння - ад гандлёва-эканамічнага, міжведамаснага і парламенцкага супрацоўніцтва да актыўнага развіцця кантактаў у культурна-гуманітарнай сферы", - падкрэсліў дыпламат.

Пасол таксама выказаў надзею на хутчэйшае завяршэнне ізраільскім бокам унутрыдзяржаўных працэдур па ратыфікацыі пагаднення аб адмене віз, што надасць дадатковы імпульс усяму комплексу партнёрскіх сувязей паміж дзвюма дзяржавамі.

Ад імя ўрада Ізраіля з прывітальным словам да прысутных звярнулася міністр культуры і спорту Міры Рэгеў, якая адзначыла цесную гістарычную сувязь беларускага і яўрэйскага народаў, а таксама дружалюбныя адносіны, што дэманструюць сёння пазітыўную дынаміку ў розных сферах супрацоўніцтва. Быў асабліва падкрэслены ўклад Беларусі ў захаванне гістарычнай праўды аб падзеях Другой сусветнай вайны, адным з актуальных сведчанняў чаго стала праведзеная 22 чэрвеня ўрачыстая цырымонія адкрыцця мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Свае віншаванні беларускаму боку выказалі намеснік генеральнага дырэктара МЗС Ізраіля Цві Раў-Нер, дырэктар дэпартамента Еўразія-1 знешнепалітычнага ведамства Якаў Ліўне, дэпутаты кнесета Роберт Ілатаў, Софа Ландвер, Ёэль Развоўзаў, Патрыярх Іерусалімскі Тэафіл III, кіраўнік рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме Ігумен Феафан. Сярод гасцей былі мэры шэрага ізраільскіх гарадоў, члены муніцыпальных саветаў, кіраўніцтва Усеізраільскага аб'яднання выхадцаў з Беларусі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, бізнес-супольнасці, творчай інтэлігенцыі і журналісты.

Важнай часткай свята стала адкрыццё фотавыстаўкі, прадастаўленай Беларускім тэлеграфным агенцтвам. Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак: "Перамога - адна на ўсіх" і "Беларусь - зямля пад белымі крыламі". Першая частка расказвае аб такіх значных падзеях у гісторыі беларускага народа, як аперацыя "Баграціён", вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама ўключае фатаграфіі ўдзельнікаў ВАВ.

Экспазіцыя "Беларусь - зямля пад белымі крыламі" прысвечана сучаснаму жыццю рэспублікі і яе дасягненням. У прыватнасці, наведвальнікі могуць убачыць многія выдатныя мясціны Беларусі, у тым ліку Налібоцкую і Белавежскую пушчы, Мірскі замак, Аўгустоўскі канал, Браслаўскія азёры. На фота таксама прадстаўлены нацыянальныя абрады і святы, дасягненні прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Выстаўка, разгорнутая ў гарадской галерэі культурнага цэнтра "Энаў" пры мэрыі Тэль-Авіва, прадоўжыцца тут аж да 3 ліпеня, пасля чаго будзе прадстаўлена шырокай грамадскасці ў шэрагу буйных ізраільскіх гарадоў.

У 2014 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Ізраілем вырас да $126,9 млн (114,7 працэнта да 2013 года). Аб'ём беларускага экспарту дасягнуў рэкорднага паказчыка за ўсю гісторыю двухбаковых адносін - $20,9 млн (175,3 працэнта ў параўнанні з 2013 годам). Імпарт склаў $105,9 млн.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі