4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Скобелеў расцэньвае прысуджэнне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта калектыву музея як аванс і стымул для будучай работы. Аб гэтым ён расказаў карэспандэнту БЕЛТА.
"Прысуджэнне гэтай прэміі мы разглядаем як аванс і стымул для будучай работы. Любому калектыву прыемна, калі яго праца ацэнена на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Мы поўныя сіл і рашучасці прадоўжыць нашу работу па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны", - запэўніў Мікалай Скобелеў.
Ён звярнуў увагу, што 2016 год у Беларусі аб'яўлены Годам культуры, аднак для супрацоўнікаў музея кожны год прысвечаны культуры і гісторыі. "Будзем імкнуцца ўдасканальваць нашу экспазіцыю. Апошнім часам адкрываюцца многія матэрыялы, якія раней былі сакрэтнымі - і ў нашым Нацыянальным архіве, і ў архіве Міністэрства абароны Расіі ў Падольску. Стараемся новыя гістарычныя даныя, новую інфармацыю праз інфатэрміналы і іншыя крыніцы данесці да нашых наведвальнікаў. Па-ранейшаму будзем праводзіць работу па папаўненні нашых фондаў (гэты працэс адбываецца практычна штодзень). Прадоўжым пашыраць навукова-асветную работу", - падзяліўся планамі субяседнік. У якасці прыкладу ён прывёў акцыю "Музей у чамадане", калі спецыялісты з некаторымі артэфактамі выязджаюць у школы, дзе чытаюць лекцыі.
Як адзначыў Мікалай Скобелеў, па выніках 2015 года Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведалі больш як 400 тыс. чалавек. У тым ліку ганаровымі гасцямі сталі Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. У цэлым установа культуры прыняла актыўны ўдзел у святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі. "Выстаўкай 2015 года наш калектыў лічыць удзел у міжнародным праекце ў Маскве ў Цэнтральным музеі Вялікай Айчыннай вайны на Паклоннай гары - "У барацьбе супраць нацызму мы былі разам". Удзельнікамі праекта сталі постсавецкія краіны, і, на думку наведвальнікаў, экспазіцыя Беларусі была адной з лепшых", - расказаў ён.
Рашэннем кіраўніка дзяржавы па выніках 2015 года прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" - імі адзначаны аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Прысуджаны таксама 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта. Імі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва, навукі, педагогі, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў галіне выяўленчага і тэатральнага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання моладзі. Калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стаў лаўрэатам прэміі за значны ўклад у развіццё музейнай справы і патрыятычнае выхаванне насельніцтва.