27 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларусі і Венесуэле неабходна выпрацаваць канкрэтныя рашэнні па галіновых напрамках для рэалізацыі дарожнай карты супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на VII пасяджэнні беларуска-венесуэльскай гандлёва-эканамічнай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ключом для паспяховай рэалізацыі дарожнай карты будзе з'яўляцца распрацоўка і рэалізацыя сумесных мерапрыемстваў па галіновых напрамках супрацоўніцтва. Гісторыя нашых папярэдніх адносін сведчыць аб тым, што нам пад сілу вырашэнне такіх глабальных задач, якія мы акрэслілі ў праекце дарожнай карты", - адзначыў Уладзімір Сямашка.
Ён канстатаваў, што прыбыццё прадстаўнічай венесуэльскай дэлегацыі ў Беларусь сведчыць аб імкненні ўмацоўваць стратэгічныя і партнёрскія адносіны, шукаць эфектыўныя інструменты, накіраваныя на паглыбленне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, напаўняць узаемаадносіны канкрэтным зместам. "Менавіта з гэтай мэтай было зроблена даручэнне распрацаваць дарожную карту сумеснага супрацоўніцтва, палажэнні якой гарманічна ўпісваюцца ў асноўныя прыярытэты знешнеэканамічных задач дзвюх краін. Рэалізацыя дарожнай карты ў перспектыве можа садзейнічаць пашырэнню двухбаковага супрацоўніцтва, развіццю прамысловага сектара Венесуэлы, нарошчванню экспартных магчымасцей, аздараўленню фінансавай сістэмы, забеспячэнню харчовай бяспекі, развіццю аграпрамысловай, будаўнічай і іншых інфраструктур краіны", - лічыць віцэ-прэм'ер.
Паводле яго слоў, за адносна невялікі па гістарычных мерках тэрмін паміж вытворцамі наладжаны трывалыя доўгатэрміновыя гандлёва-эканамічныя і кааперацыйныя сувязі. Створаны некалькі сумесных прадпрыемстваў па выпуску аўтамабіляў, трактароў, здабычы нафты, газіфікацыі. Па беларускіх тэхналогіях працуюць прадпрыемствы па выпуску дарожна-будаўнічай тэхнікі. З удзелам беларускіх спецыялістаў пабудаваны буйнейшы ў Лацінскай Амерыцы цагельны завод. Беларускія будаўнікі ўдзельнічаюць у рэалізацыі венесуэльскай дзяржпраграмы "Вялікая місія жыллё", у рамках якой узводзіцца жыллё для маламаёмных грамадзян.
"Сумесныя праекты маюць патрэбу ў падтрымцы як з беларускага, так і венесуэльскага бакоў. Неабходна, каб яны былі забяспечаны заказамі. У адпаведнасці з праграмай работы камісіі ўвесь сённяшні дзень і палавіну заўтрашняга прапаную прысвяціць выпрацоўцы канкрэтных рашэнняў па галіновых напрамках нашага ўзаемадзеяння. Планы павінны быць рэалістычнымі і накіраванымі на рэалізацыю дарожнай карты", - рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.