28 мая, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Еўрапейскі саюз зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Беларуссю. Аб гэтым заявіў сёння часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Рудольф Рышар на канферэнцыі "Мінск пасля Рыгі: форум аб рэформах, або як Беларусі адаптавацца і развівацца ў новых рэгіянальных кантэкстах", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Еўрапейскі саюз вельмі зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Беларуссю", - сказаў дыпламат. На яго думку, ЕС - пастаўшчык устойлівага росту і развіцця. Таксама ён лічыць, што Еўрасаюз можна лічыць надзейным і прадказальным партнёрам.
"Нашы адносіны з Беларуссю паступова паляпшаюцца. Узровень узаемнага недаверу мае тэндэнцыю да зніжэння. Палітыка маленькіх крокаў працуе і параджае ўстойліваць", - дадаў дыпламат. Ён лічыць, што гэтыя маленькія крокі становяцца ўсё больш бачныя. Яны патрабуюць шмат намаганняў з кожнага боку. "Трэба пастаянна пераконваць тых, хто не перакананы ў тым, што мы ідзём па правільным шляху", - звярнуў увагу Рудольф Рышар.
Ён падкрэсліў, што ЕС цэніць пазіцыю Беларусі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне і той факт, што Мінск прадаставіў платформу для перагавораў.
"Нам трэба працаваць разам, з канкрэтнымі мэтамі, па канкрэтных праектах і пытаннях, але з улікам нашых рэалій", - дадаў дыпламат.
Сёння ў канферэнцыі, якая прысвечана вынікам Рыжскага саміту, удзельнічаюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі, Нацыянальнага сходу, грамадскіх арганізацый і аналітычных структур, а таксама замежныя дыпламаты.