8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рынак працы ў Беларусі актывізуецца, заявіла сёння міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ірына Касцевіч адзначыла паляпшэнне сітуацыі на рынку працы. "Пайшоў працэс актывізацыі на рынку працы. У нас стала стварацца больш рабочых месцаў, больш вакансій", - адзначыла міністр.
"Бачна дадатная дынаміка, і мэта дэкрэта нумар 1 - яе палепшыць", - дадала яна.
Сёння ў Палаце прадстаўнікоў парламентарыі і эксперты, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы дэкрэта нумар 1, абмяркоўваюць меры па яго рэалізацыі. Так, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук адзначыў, што на першае месца выходзіць задача па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў. У дэкрэце для гэтага закладзены прававыя асновы.
Ён акрэсліў ролю парламентарыяў у гэтай справе. На думку віцэ-спікера, дэпутатам неабходна яшчэ больш уважліва вывучаць сітуацыю ў сваіх акругах, у тым ліку ў плане ўдасканалення інвестыцыйнага заканадаўства. Прыход інвестараў якраз пасадзейнічае стварэнню рабочых месцаў.
Дэкрэт нумар 1 "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва", падпісаны кіраўніком дзяржавы ў студзені 2018 года, прадугледжвае меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Ён накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва.