31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас назваў топ-10 задач для ўрада сёння на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, дзе ён прадставіў праграму дзейнасці ўрада на 2018-2020 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У праграме ўлічаны альбо ўзмоцнены прыярытэтныя для бягучага складу ўрада напрамкі работы - 10 топ-задач", - адзначыў Сяргей Румас.
Гэта развіццё бізнес-асяроддзя і стварэнне камфортных умоў вядзення бізнесу, апераджальнае развіццё сферы паслуг, фарміраванне ІТ-краіны і маштабная лічбавізацыя ўсёй эканомікі. Прадугледжана правядзенне эфектыўнай бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, забеспячэнне ўстойліва нізкага ўзроўню інфляцыі, эфектыўнае кіраванне дзяржаўнай уласнасцю.
Урад мае намер актывізаваць знешнеэканамічную дзейнасць, удасканальваць інвестыцыйную палітыку, зніжаць міжрэгіянальную дыферэнцыяцыю, забяспечыць дастойныя ўмовы жыцця насельніцтва і аплаты працы.
Праграма ўрада прапануе дэкрыміналізацыю эканамічных рызык. "Мы падтрымліваем канструктыўны дыялог паміж урадам і сілавымі ведамствамі. Прапрацоўваюцца пытанне адмены крымінальных праследаванняў за парушэнні ў сферы падатковага заканадаўства, а таксама змяненне падыходаў па прымяненні да прадпрымальнікаў падатковых наступстваў па гаспадарчых аперацыях, аформленых не маючымі юрыдычнай сілы першаснымі ўліковымі дакументамі", - расказаў прэм'ер-міністр.
Ключавой задачай урад бачыць падзел функцый уласніка і рэгулятара ў кіраванні арганізацыямі з доляй дзяржуласнасці.
У праграме абазначаны меры для развіцця прадпрымальніцтва. "Неабходна забяспечыць бізнес рэальнай фінансавай падтрымкай, таму што нам крытычна важна, каб апераджальнымі тэмпамі раслі інвестыцыі прыватнага бізнесу, заснаваныя на ўзважаных інвестыцыйных рашэннях", - падкрэсліў Сяргей Румас.
З 2019 года будзе ўкаранёны механізм ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы прадпрымальніцтва. "Неабходна стварыць празрыстае, прадказальнае заканадаўства, якое выключае прыняцце залішніх абцяжаранняў і новых бар'ераў для развіцця бізнесу. Сфарміраваць прававое асяроддзе, якое стане для інвестара гарантам стабільнасці работы на нашым рынку", - адзначыў кіраўнік урада. Для гэтага будзе падрыхтаваны новы праект закона аб інвестыцыях.
У бюджэтна-фінансавай сферы асноўны акцэнт будзе зроблены на ўкараненні эфектыўнай сістэмы ацэнкі фіскальных рызык і прыняцця рашэнняў па іх мінімізацыі. Патрабаванні да аказання дзяржпадтрымкі істотна павысяцца. Яе атрыманне ў індывідуальным парадку будзе магчыма ў выключных выпадках і толькі па рашэнні кіраўніка дзяржавы.
Урад хоча ўдасканаліць кіраванне стратэгічнымі арганізацыямі - іх у краіне 3,5 тыс. У якасці ключавога мерапрыемства на бліжэйшую перспектыву ўрад бачыць распрацоўку закона аб дзяржсектары з новай ідэалогіяй. Будуць перагледжаны падыходы да работы інстытута прадстаўнікоў дзяржавы. Плануецца скарачэнне прадстаўнікоў дзяржавы з ліку дзяржслужачых і замена іх на прафесійных кіраўнікоў, а таксама змяненне падыходаў да выплаты ўзнагароджанняў.
Разам з павышэннем канкурэнтаздольнасці галін традыцыйнага сектара эканомікі будуць развіваць высокатэхналагічны сектар. Патэнцыяльныя кропкі росту - Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", Парк высокіх тэхналогій, СЭЗы.
Асноўным вынікам рэалізацыі праграмы павінна стаць канкурэнтаздольная эканоміка, якая дае магчымасць забяспечыць тэмпы развіцця Беларусі вышэй за сярэднесусветныя і стварыць аснову для дасягнення да канца 2025 года ВУП у памеры не менш як $100 млрд, рэзюмаваў Сяргей Румас.
Палата прадстаўнікоў адобрыла прадстаўленую праграму дзейнасці ўрада.