4 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Памятаючы ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка 4 мая на ўрачыстым мерапрыемстве ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства, прысвечаным Дню Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пра мінулае нельга забываць, асабліва сёння, калі назіраецца абвастрэнне адносін паміж дзяржавамі і ў розных канцах свету ўзнікаюць узброеныя канфлікты, - сказаў Ігар Петрышэнка. - Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны, кожнай сям'і. У Беларусі і Расіі свята захоўваюць памяць аб падзеях і ўроках Вялікай Айчыннай вайны".
Дыпламат падкрэсліў, што беларусы высока цэняць дружбу і супрацоўніцтва з іншымі нацыямі і дзяржавамі. "Мы зробім усё, каб беларуская зямля заўсёды заставалася кутком стабільнасці, стварэння і добрай волі", - заявіў пасол.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі інтэграцыйных органаў, расійскіх рэгіянальных структур, дыяспары, дыпламаты, дзеячы культуры. Стоячы віталі прысутныя Пятра Кацельнікава - апошняга, хто застаўся з жывых абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Падзяліўшыся сваімі ўспамінамі, ён заклікаў цяперашняе пакаленне вучыцца ў герояў вайны бязмежнай любові да сваёй Айчыны.
Спецыяльна да ўрачыстасцей у Дзелавым і культурным комплексе была разгорнута выстаўка плакатаў Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі. Завяршыўся вечар канцэртам з удзелам Тэатра песні Ірыны Дарафеевай і балета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай.