28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал чакае ўступлення ў сілу пагаднення аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Ізраілем у верасні. Аб гэтым ён паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню незалежнасці Дзяржавы Ізраіль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў дыпламата, адмена віз паміж дзвюма краінамі зацягнулася ў сувязі з правядзеннем датэрміновых выбараў у Ізраілі, якія былі аб'яўлены ў снежні мінулага года. Ранейшы кабінет міністраў не паспеў ратыфікаваць пагадненне, не хапіла літаральна некалькі дзён. Гэтым пытаннем зоймецца новы ўрад, які цяпер фарміруецца. Адным з першых рашэнняў і стане ратыфікацыя пагаднення аб адмене візавага рэжыму паміж Дзяржавай Ізраіль і Рэспублікай Беларусь, упэўнены Іосіф Шагал.
"Мяркуем, што да 12-15 мая ўрад у Ізраілі будзе сфарміраваны. Літаральна адразу ж, як толькі ён будзе зацверджаны, на першым жа яго пасяджэнні, лічу, гэта пытанне ў ліку іншых важных пытанняў будзе вырашана. Да моманту ратыфікацыі дакумента неабходна дабавіць 90 дзён, такая працэдура. Атрымліваецца, што дакумент можа ўступіць у сілу ў канцы жніўня - пачатку верасня", - сказаў ён.
Парламент Беларусі ўжо завяршыў ратыфікацыю пагаднення аб бязвізавым рэжыме з Ізраілем, і беларускі бок на заканадаўчым узроўні гатовы да адмены віз з гэтай краінай.
Міжурадавае пагадненне з Ізраілем аб адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў было падпісана ў Мінску ў верасні 2014 года. Дакумент рэгулюе пытанні, звязаныя з увядзеннем на двухбаковай аснове для грамадзян Беларусі і Ізраіля, якія з'яўляюцца ўладальнікамі дзеючых нацыянальных пашпартоў (за выключэннем дыпламатычных і службовых), бязвізавага парадку ўезду на тэрыторыю або выезду з тэрыторыі дзяржавы другога боку з мэтай візіту або знаходжання, што не перавышае 90 дзён на працягу 6 месяцаў з даты першага ўезду. Пры гэтым у выпадку неабходнасці знаходжання ў краіне больш за ўстаноўлены перыяд, у прыватнасці, для ажыццяўлення працоўнай, камерцыйнай дзейнасці, прадугледжана норма аб неабходнасці атрымання візы загадзя такімі грамадзянамі.
Бакі таксама дамовіліся захаваць за сабой права адмовіць ва ўездзе ў сваю дзяржаву грамадзянам, якіх лічаць непажаданымі, або скараціць тэрмін іх знаходжання на сваёй тэрыторыі.
Пагадненне заключана на адзін год, і яго дзеянне аўтаматычна прадаўжаецца на наступныя аднагадовыя перыяды да таго часу, пакуль адзін з бакоў не накіруе другому па дыпламатычных каналах пісьмовае паведамленне аб спыненні дзеяння дакумента. У такім выпадку ён спыняе сваё дзеянне на 90-ы дзень з даты атрымання паведамлення другім бокам.