5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры ў Беларусь мае вялікае значэнне для гэтай паўднёваамерыканскай краіны. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Беларусі Хасэ Багіяна Перычы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Для нас гэты візіт мае вялікае значэнне. Спадзяёмся, ён стане яшчэ адным сведчаннем узаемнай падтрымкі, таго, што Беларусь і Венесуэла ідуць разам, адным шляхам і імкнуцца да пабудовы лепшага свету", - сказаў Хасэ Багіяна Перычы. Ён дадаў, што сустрэча Нікаласа Мадуры з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам дапаможа данесці кіраўніцтву Беларусі дакладную, праўдзівую інфармацыю аб падзеях у Венесуэле.
Дыпламат звярнуў увагу, што адносіны паміж дзвюма краінамі маюць характар стратэгічнага партнёрства, і асабліва гэта праяўляецца на палітычным узроўні. "У нас падобныя пазіцыі па сусветным парадку дня. Беларусь аказвае падтрымку Венесуэле на міжнароднай арэне, на палітычным узроўні", - канстатаваў пасол.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь садзейнічае эканамічнаму развіццю Венесуэлы, дапамагаючы развіваць прамысловую і будаўнічую галіны.
Акрамя перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі праграма візіту Нікаласа Мадуры прадугледжвае ўдзел Прэзідэнта Венесуэлы ў цырымоніі адкрыцця ў Мінску помніка нацыянальнаму герою Венесуэлы Сімону Балівару. "Гэта вельмі сімвалічнае мерапрыемства. Яно сведчыць пра вялікую сімпатыю беларускага народа да гэтага дзеяча. Для нас гэта вельмі важна", - заявіў Хасэ Багіяна Перычы.