21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паслы краін Еўрапейскага саюза вітаюць пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці адносін ЕС з Беларуссю. Аб гэтым на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета Еўрапейскага саюза Уолтэр Стывенс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уолтэр Стывенс падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэцца і абмяняцца думкамі аб развіцці адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. "Дазвольце мне ад імя ўсёй дэлегацыі сказаць, што мы вітаем пазітыўныя тэндэнцыі ў адносінах з Беларуссю, - сказаў старшыня камітэта. - Мы сапраўды суседзі. Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЕС, вы з'яўляецеся вельмі важным членам "Усходняга партнёрства". Мы хацелі б далей развіваць адносіны з Беларуссю".
Дыпламат таксама адзначыў важную ролю краіны ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. "Мы цэнім тое, што Беларусь прыняла амаль 200 тыс. украінскіх мігрантаў і бежанцаў. Лічым, што поўная рэалізацыя мінскіх пагадненняў з'яўляецца ключавой умовай для нармалізацыі сітуацыі ва Украіне", - дадаў ён.
Дэлегацыя Еўрапейскага саюза, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі, наведвае Беларусь 20-21 лістапада. Яны праводзяць шэраг сустрэч для абмеркавання стану і перспектыў узаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
Камітэт па палітыцы і бяспецы - пастаянная структура Савета Еўрапейскага саюза. У яго склад уваходзяць паслы краін ЕС, якія працуюць у Бруселі. Задача ведамства заключаецца ў адсочванні міжнароднай сітуацыі ў сферах, на якія распаўсюджваецца агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі ЕС, і інфармаваць Савет Міністраў Еўрасаюза. Камітэт адыгрывае ключавую ролю ў палітычным дыялогу ЕС.