Пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы віцэ-спікера з дэлегацыяй ПАРЛАЦІНА на чале з яго старшынёй Эліясам Кастыльё.
Паводле слоў Баляслава Пірштука, саюзныя парламентарыі выйшлі з хадайніцтвам, каб Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі стаў калектыўным членам ПАРЛАЦІНА са статусам наглядальніка. "Лічу, што гэта будзе добрым, сур'ёзным узмацненнем нашых пазіцый, - сказаў ён. - Мы павінны рэалізаваць гэта ў бягучым годзе". Такім чынам, Беларусь і Расія імкнуцца ў тым ліку прыцягнуць лацінаамерыканскіх партнёраў на рынак ЕАЭС.
У Мінску ў 2016 годзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам і ПАРЛАЦІНА, у адпаведнасці з якім беларускаму парламенту быў прадастаўлены статус пастаяннага наглядальніка. Гэты візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі Лацінаамерыканскага парламента ў Беларусі расцэньваюць як добры сігнал да таго, каб адносіны набылі новую дынаміку.
У час перагавораў у Палаце прадстаўнікоў бакі вызначылі спектр напрамкаў, якія цікавяць партнёраў з краін Лацінскай Амерыкі. "Вельмі цікавыя для іх беларуская тэхніка, сельская гаспадарка, супрацоўніцтва ў ахове здароўя", - расказаў Баляслаў Пірштук.
Эліяс Кастыльё ў сваю чаргу адзначыў, што дэлегацыя ПАРЛАЦІНА прыехала ў Беларусь для таго, каб абмеркаваць пункты росту супрацоўніцтва, абмяняцца вопытам. Так, парламентарыі з Лацінскай Амерыкі хацелі б азнаёміцца з прамысловым развіццём краіны. Для гэтага яны наведаюць шэраг прадпрыемстваў.
"Мы хацелі б таксама падшліфаваць міжпарламенцкае пагадненне для больш актыўнага развіцця адносін паміж Беларуссю і Лацінаамерыканскім парламентам, - дадаў ён. - Адносіны паміж парламентарыямі павінны выбудоўвацца больш актыўна. Гэта будзе садзейнічаць росту эканомікі".
Лацінаамерыканскі парламент заснаваны 10 снежня 1964 года ў Ліме (Перу). Мэтай стварэння ПАРЛАЦІНА стала садзейнічанне гарманізацыі заканадаўства лацінаамерыканскіх краін у такіх галінах, як адукацыя, ахова здароўя, ахова навакольнага асяроддзя і барацьба з наркабізнесам.