29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парадак і арганізаванасць на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" уражваюць. Аб гэтым сказаў у час наведвання 28 сакавіка кінастудыі расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар Цімур Бекмамбетаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Больш за ўсё на кінастудыі ўразіў парадак. Пытанне не ў тым, колькі і якіх у наяўнасці капялюшыкаў у калекцыі, а ў тым, ці ёсць прафесійная сістэма. Тут яна захавалася. Павялічаць колькасць сродкаў - калекцыя будзе маштабавацца, таму што ў аснову закладзены правільныя тэхналогіі захоўвання і адбору рэквізіту. Відаць, што тут захаваўся вопыт многіх гадоў", - адзначыў рэжысёр.
Уразіла рэжысёра і стаўленне супрацоўнікаў кінастудыі да сваёй работы. Паводле яго слоў, такія ж касцюмы і рэквізіты ёсць і на іншых студыях, а вылучае "Беларусьфільм" тое, што "ёсць людзі, якія гэта правільна захоўваюць, ведаюць усё пра гэтыя рэчы, любяць іх". Стварэнне кіно Цімур Бекмамбетаў параўнаў з работай завода: для таго каб збіраць машыны і здымаць фільмы, патрэбны тэхналогіі і людзі, якія ведаюць асаблівасці працэсу.
Атмасфера цэхаў кінастудыі для яго падобна да першага ўражання ад Мінска. "У Маскве большае адчуванне жыцця, але больш хаосу. А тут менш адбываецца падзей, але парадак. Тое ж самае і ў архітэктуры: дамы стаяць асобна, ніхто не прыбудоўваў і не дабудоўваў яшчэ які-небудзь дом. Тут адчуванне арганізаванасці, кансерватызму", - лічыць рэжысёр.
На "Беларусьфільме" Цімур Бекмамбетаў не толькі пагутарыў з кіраўніцтвам кінастудыі, але і прайшоўся па цэхах і павільёнах. Рэжысёра правялі па залах з небаявой зброяй, старымі прадметамі інтэр'ера, чучаламі, галаўнымі ўбрамі і іншым рэквізітам. Адвялі яго і ў залы з мужчынскім і жаночым адзеннем, дзе можна ўбачыць касцюмы з фільмаў "Альпійская балада", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Прыгоды Бураціна".