Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

31 Май 2013

Іосіф Шагал: Беларусь заслугоўвае больш аб'ектыўнай увагі

Іосіф Шагал: Беларусь заслугоўвае больш аб'ектыўнай увагі

31 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Беларусь заслугоўвае больш аб'ектыўнай увагі. Такую думку выказаў 31 мая на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню ў Віцебску міжнароднай адукацыйна-культурна-забаўляльнай канферэнцыі "Арт-Лімуд Беларусь", Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіф Шагал, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рэспубліка Беларусь сёння не атрымлівае той увагі, якую заслугоўвае і гістарычна, і па стану на сённяшні дзень. Любая дапамога, любая ініцыятыва, звязаная з прыцягненнем сюды людзей самых розных нацыянальнасцей, веравызнанняў, культур, садзейнічае таму, каб гэту краіну ўбачылі такой, якая яна ёсць на самай справе. Мы шчыра хочам, каб негатыўныя міфы і легенды, стыгмы і клішэ аб Беларусі, а іх вельмі шмат, былі разбураны. Каб Беларусь убачылі звонку аб'ектыўна", - падкрэсліў Іосіф Шагал. Ён таксама адзначыў, што многія ізраільцяне лічаць Беларусь сваёй гістарычнай радзімай. "Гэта наша адчуванне мінулага, бацькоў. Гэта трэба адчуць", - канстатаваў пасол.

Дыпламат выказаў словы падзякі ў адрас арганізатараў і спонсараў "Лімуда" за дапамогу, якую яны аказваюць у плане прыцягнення ўвагі да Беларусі, і выказаў упэўненасць, што духоўнасць, новыя веды, культура, да якіх будуць далучацца ў Беларусі маладыя ізраільцяне, што прыбылі на канферэнцыю, прынясуць ім вялікую карысць.

Міжнародная адукацыйна-культурна-забаўляльная канферэнцыя "Арт-Лімуд Беларусь", прысвечаная творчасці, культуры і мастацтву, праходзіць у Віцебску з 31 мая па 2 чэрвеня. У ліку яе ўдзельнікаў - каля 500 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Украіны, Расіі, Малдовы, Ізраіля, Літвы, ЗША і іншых краін. На канферэнцыі адначасова будзе праводзіцца да сямі розных заняткаў, што дасць магчымасць удзельнікам фарміраваць праграму на свой густ. Запланаваны экскурсіі, трэнінгі, майстар-класы, канцэрты, выстаўкі і лекцыі на розныя тэмы - ад пытанняў духоўнасці і экскурсаў у гісторыю да сакрэтаў нацыянальнай кухні. Усяго ў праграму ўключана каля 150 сесій.

Канферэнцыя "Лімуд" (у перакладзе з іўрыта азначае "вучэнне") праводзіцца ў Беларусі ўпершыню ў рамках міжнароднага адукацыйнага праекта "Лімуд-СНД" для яўрэйскай рускамоўнай моладзі, якая жыве на прасторах былога СССР. Арганізатары, вядучыя мерапрыемстваў прымаюць удзел у канферэнцыі выключна на добраахвотных пачатках. Удзельнікі ж аплочваюць сваё знаходжанне на канферэнцыі.

Генеральны партнёр канферэнцыі - Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. Сярод партнёраў таксама пасольства Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, прадстаўніцтва Амерыканскага яўрэйскага аб'яднанага размеркавальнага камітэта "Джойнт" у Беларусі, Рэлігійнае аб'яднанне абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Беларусі і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі