24 жніўня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Новыя падручнікі па ўсіх прадметах будуць падрыхтаваны да 1 верасня 2019 года, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Аснова школьнага навучання - добры падручнік. Гэта тое, што ў многім вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне - змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальны па аб'ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі. Не значыць, што яны будуць ідэальнымі, і, можа, не будуць адпавядаць узроўню патрабаванняў у 2019 годзе. Падручнікі - гэта пастаянная творчасць. Мы пастаянна будзем штосьці дапаўняць, мяняць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спыніўся на неабходнасці распрацоўкі і ўкаранення ў практыку ўнікальных аўтарскіх методык навучання і выхавання. "Чаму мы не чуем аб сучасных настаўніках-наватарах? Дзе айчынныя Макаранкі, Сухамлінскія, Шаталавы? Гэта папрок і вам, і ўладам таксама - тым, хто займаецца адукацыяй", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, аўтарскія методыкі навучання і выхавання нават больш важныя, чым доктарскія дысертацыі, таму што яны заснаваны на жыццёвых рэаліях, на ўзаемаадносінах настаўніка і вучня.
"Па маім патрабаванні да напісання падручнікаў акрамя акадэмікаў, вядомых вучоных мы прыцягнулі настаўнікаў-наватараў. Эфект уражальны. А яны ж стваралі падручнікі на падставе выкладання гэтых прадметаў у школе. Як толькі гэта стала запатрабавана, яны адгукнуліся і за кароткі прамежак часу ўдасканалілі многія падручнікі", - расказаў Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ, рэпетытарства. "Дайшло да таго, што паслугамі рэпетытара карыстаюцца нават у пачатковай школе, не кажучы аб падрыхтоўцы да паступлення ў ВНУ. А калі і з'яўляюцца новыя методыкі, то яны арыентаваны на фінальную падрыхтоўку выпускнікоў, або, як кажуць у народзе, на вымуштроўванне школьнікаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання", - адзначыў Прэзідэнт.
"Многія мяне за гэта крытыкавалі, калі я гаварыў, што школьная праграма павінна быць школьнай, не вузаўскай. Павінна быць магчымасць яе асваення без усялякага вымуштроўвання. Цэнтралізаваныя тэсты павінны адпавядаць школьнай праграме, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нямала зроблена да гэтага года. Да будучага года, да 1 верасня 2018 года, усе тэсты будуць дапрацаваны і прыведзены ў адпаведнасць са школьнай праграмай. Гэты працэс павінен быць закончаны з улікам вопыту паступлення ў ВНУ ў гэтым годзе".