Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

9 Лют 2021

Новыя аб'екты ў спісах ЮНЕСКА і мадэрнізацыя кінатэатраў - урад аб падтрымцы культуры

Новыя аб'екты ў спісах ЮНЕСКА і мадэрнізацыя кінатэатраў - урад аб падтрымцы культуры
Фота з архiва

Падтрымка і развіццё культуры - адна з важнейшых задач дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы. Урад нацэлены на безумоўнае захаванне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне ўмоў для творчасці і папулярызацыі беларускай культуры. Гэтыя прыярытэты акрэслены ў дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2021-2025 гады. Аб падрыхтоўцы новых дасье ў спісы ЮНЕСКА, планах па рэканструкцыі аб'ектаў матэрыяльнай спадчыны і аб наведвальнасці ўстаноў культуры расказаў БЕЛТА намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Рэканструкцыя больш як 630 аб'ектаў і сваё піяніна

Мінулае пяцігоддзе ў беларускай культуры запомнілася рэстаўрацыяй знакавых аб'ектаў, адзначае Ігар Петрышэнка. Вынікам планамернай кансервацыі, аднаўлення, а таксама прыстасавання пад новыя функцыі помнікаў архітэктуры ў 2016-2020 гады стала завяршэнне рэстаўрацыі і ўвядзенне ў гаспадарчы абарот больш як 630 аб'ектаў матэрыяльнай спадчыны.

У 2020 годзе здалі ў эксплуатацыю будынак Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Завершана рэалізацыя праекта Саюзнай дзяржавы "Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы створана ТАА "Фабрыка фартэпіяна", якое вырабляе піяніна "Беларусь". Такім чынам адрадзілі гістарычны брэнд, надаўшы яму новае гучанне. Ва ўстановы культуры і адукацыі ў сферы культуры закупілі і перадалі 642 піяніна.

На думку Ігара Петрышэнкі, знакавымі падзеямі 2016-2020 гадоў стала ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА элементаў "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай" (2018 год), "Веснавы абрад "Юр'еўскі карагод" у вёсцы Пагост" (2019 год) і "Культура ляснога бортніцтва Беларусі і Польшчы" (2020 год).

На працягу апошніх гадоў беларускія калектывы гастраліравалі ў Германіі, Мексіцы, Польшчы, Аўстрыі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Францыі, Партугаліі, Даніі, КНР, Люксембургу, Нарвегіі, ААЭ, Ліване, Казахстане, Венгрыі, Грузіі, Расіі і іншых краінах.

"Эпідэміялагічная сітуацыя ў 2020 годзе істотна паўплывала на дзейнасць у сферы культуры і дасягненне запланаваных паказчыкаў. Разам з тым арганізацыі не спынялі выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Былі праведзены ўсе асноўныя культурныя мерапрыемствы", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Для спісаў ЮНЕСКА падрыхтуюць 5 новых дасье

Каб стварыць умовы для эфектыўнай работы сферы культуры і актыўна ўключаць беларусаў у культурнае жыццё краіны, прынята новая дзяржпраграма "Культура Беларусі" на 2021-2025 гады. Яна складаецца з пяці падпраграм: "Культурная спадчына", "Мастацтва і творчасць", "Функцыянаванне і інфраструктура сферы культуры", "Беларусы ў свеце", "Архівы Беларусі".

Так, мерапрыемствы падпраграмы "Культурная спадчына" дапамогуць захаваць і эфектыўна выкарыстоўваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, павялічыць наведвальнасць музеяў і бібліятэк шляхам пашырэння доступу розных катэгорый насельніцтва да якасных і разнастайных паслуг гэтых устаноў, стварыць умовы для далейшага развіцця культур нацыянальных меншасцей.

"У прыватнасці, запланавана ўвядзенне ў абарот 28 помнікаў архітэктуры, якія раней не выкарыстоўваліся, уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі 20 новых нематэрыяльных каштоўнасцей, распрацоўка і прадстаўленне ў арганізацыі ЮНЕСКА пяці дасье на аб'екты спадчыны і нематэрыяльныя праявы творчасці", - расказаў Ігар Петрышэнка.

Падпраграма "Мастацтва і творчасць" дасць магчымасць палепшыць умовы для развіцця мастацкай творчасці (прафесійнай і аматарскай), народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), дасягнуць высокіх мастацкіх вынікаў і эканамічнай канкурэнтаздольнасці ў галіне прафесійнага мастацтва. Чакаецца, што на кінаэкранах і тэлеканалах краіны стане больш беларускага кінамастацтва, будуць створаны ўмовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу розных катэгорый насельніцтва. Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, урад таксама зацікаўлены ў папулярызацыі дасягненняў беларускай мастацкай творчасці ў краіне і за мяжой.

Тэатральна-відовішчныя арганізацыі будуць праводзіць у год не менш за 13,5 тыс. спектакляў, канцэртаў, паказаў. У 2021-2025 гады арганізуюць 34 мерапрыемствы па міжнародным культурным супрацоўніцтве. Сярод іх - дні нацыянальнай культуры, дні кіно, культурныя мерапрыемствы міжнародных форумаў, выставак, кірмашоў. Даходы ад кінапаказу і іншых паслуг кінапракатных і кінавідовішчных арганізацый ацэньваюцца ў памеры Br40,7 млн.

Усе кінатэатры алічбуюць

Падпраграма "Функцыянаванне і інфраструктура сферы культуры" дасць магчымасць павысіць сацыяльную і эканамічную эфектыўнасць работы аб'ектаў інфраструктуры ў культурнай сферы, мадэрнізаваць кінатэатры, абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку фонды музычных інструментаў, паскорыць фарміраванне нацыянальнага лічбавага культурнага кантэнту і яго інтэграцыю ў сусветную інфармацыйную прастору. "Запланаваны будаўніцтва, рэканструкцыя, рэстаўрацыя, капітальны рамонт або мадэрнізацыя 124 аб'ектаў культуры. Да канца 2025 года ўсе кіназалы ў кінатэатрах будуць аснашчаны лічбавым кінаабсталяваннем", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Згодна з падпраграмай "Беларусы ў свеце" будуць зроблены захады для распаўсюджвання і папулярызацыі беларускай культуры, гісторыі і мовы ў свеце, захавання нацыянальнай самаідэнтычнасці беларусаў замежжа, духоўных каштоўнасцей і культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа. Акрамя таго, будуць забяспечаны дыялог дзяржавы з беларускай дыяспарай, доступ суайчыннікаў да аб'ектыўнай інфармацыі аб падзеях у Беларусі, умацаванне супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай на прынцыпах узаемнай павагі і даверу.

Вынікам рэалізацыі падпраграмы "Архівы Беларусі" стануць эфектыўнае фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі, стварэнне ўмоў для захаванасці архіўных дакументаў, прыцягнення ўвагі грамадскасці да архіўнай інфармацыі.

Прадоўжаць удасканальваць прававое рэгуляванне ў сферы культуры. Галоўнай задачай стане карэкціроўка Кодэкса аб культуры.

БЕЛТА

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі