Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

10 Лют 2020

Не толькі нафта і газ - Крутой пазітыўна выказаўся пра беларуска-расійскае гандлёвае супрацоўніцтва

Не толькі нафта і газ - Крутой пазітыўна выказаўся пра беларуска-расійскае гандлёвае супрацоўніцтва
Дзмітрый Крутой. Фота з архiва

10 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Крутой пазітыўна выказаўся пра беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў гандлёвай сферы. Аб гэтым ён заявіў 9 лютага журналістам, каменціруючы вынікі праведзеных 7 лютага ў Сочы перагавораў на вышэйшым узроўні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перагаворы ў Сочы прайшлі ў канструктыўным, нармальным і абсалютна рабочым ключы. На працягу дня мы некалькі разоў сустракаліся з расійскімі калегамі ў розных фарматах", - расказаў Дзмітрый Крутой, які таксама быў у ліку перагаворшчыкаў з беларускага боку.

Паводле яго слоў, на ўзроўні прэзідэнтаў абмяркоўваўся вельмі шырокі парадак дня двухбаковых адносін. "Журналісты на самай справе паспрабавалі звесці вынікі перагавораў толькі да нафтагазавай сферы. Але прэзідэнты вельмі шмат часу ўдзялілі вынікам знешняга гандлю паміж нашымі краінамі за мінулы год", - адзначыў Дзмітрый Крутой.

Ён прывёў даныя, што экспарт Беларусі ў Расію па выніках мінулага года вырас на 4,5 працэнта. "Гэта пакуль папярэднія даныя Белстата. У грашах гэта - плюс $600 млн. Гэта значыць, што ў прынцыпе нашы тавары запатрабаваны ў Расіі. І ў прынцыпе супрацоўніцтва менавіта ў гандлёвай сферы ў цэлым развіваецца нядрэнна. Гэту тэндэнцыю ўрадам даручана ўсяляк прадаўжаць і замацоўваць", - заявіў першы віцэ-прэм'ер.

Дзмітрый Крутой таксама расказаў, што вельмі шмат часу прэзідэнты ўдзялілі разгляду сітуацыі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы з улікам запланаванага ў хуткім часе завяршэння работ на першым энергаблоку. Акрамя таго, на ўзроўні ўрадаў павінны адбыцца перагаворы па абмеркаванні ўмоў крэдыту на фінансаванне станцыі.

Першы віцэ-прэм'ер агучыў і падрабязнасці дасягнутых дамоўленасцей адносна паставак у Беларусь расійскіх нафты і газу.

"Расійскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перагавораў не раз патрабавалі наш прэзідэнт, беларускі бок. Што Беларусі не патрэбна ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горш", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін згадзіўся з гэтым падыходам і паабяцаў садзейнічанне ў рабоце з расійскімі здабыўнымі кампаніямі, у тым ліку ў частцы паставак праз "Транснафту". Ён таксама назначыў адказным па рабоце з Беларуссю на нафтавым рынку Дзмітрыя Козака, які да нядаўняга часу курыраваў энергетычную сферу на пасадзе віцэ-прэм'ера, а цяпер з'яўляецца намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі.

Што датычыцца цаны расійскага газу для Беларусі, то ў Сочы было вырашана, што ўмовы будуць не горшыя за 2019 год, калі гэты энергарэсурс пастаўляўся ў краіну па $127 за 1 тыс. куб.м. Гэта лічба вызначана як базавая на сённяшні дзень у перагаворах бакоў. Аднак, сказаў першы віцэ-прэм'ер, прысутнічаюць пэўныя спецыфіка і тэндэнцыі, якія адбываюцца на сусветных рынках, і профільныя эксперты ў бліжэйшы час ацэняць усю камбінацыю гэтых фактараў. "На перагаворах з "Газпрамам", вядома, мы будзем дабівацца невялікай карэкціроўкі на нашу карысць, але, як базавы варыянт, цана $127 на самай справе зафіксавана ўжо на ўзроўні прэзідэнтаў, - растлумачыў Дзмітрый Крутой. - Пастаўлена задача, улічваючы, што ў нас газавы кантракт ёсць пакуль толькі на два месяцы - студзень і люты, усё ж такі вырашыць гэту праблему на сакавік-снежань (2020 года. - Заўвага БЕЛТА)".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі