29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адносіны Беларусі і Казахстана выйшлі на высокі стратэгічны ўзровень. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў сёння на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адносіны Беларусі і Казахстана сёння выйшлі на высокі стратэгічны ўзровень", - сказаў Нурсултан Назарбаеў. Ён дадаў, што для іх развіцця няма ніякіх перашкод.
У 2017 годзе Беларусь і Казахстан адзначаюць 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што за гэтыя гады дзве краіны, перш за ўсё намаганнямі беларускага лідара, "стварылі магутную эканамічную і палітычную базу дружбы і супрацоўніцтва".
Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў, што Беларусь за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі стала развітой еўрапейскай краінай - ва ўсім свеце вядома беларуская сельская гаспадарка, захаваны патэнцыял машынабудавання. "У тым ліку вашай настойлівасцю сёння ў Казахстане працуюць 260 беларускіх прадпрыемстваў, на нашых прылаўках прадукцыя беларускай сельскай гаспадаркі", - заўважыў Нурсултан Назарбаеў.
Ён паведаміў, што сёння на бізнес-форуме будуць падпісаны новыя кантракты на пастаўкі ў Казахстан беларускай тэхнікі. Плануецца таксама заключыць дагавор па лакалізацыі прадукцыі, стварэнні новых зборачных прадпрыемстваў.
Нурсултан Назарбаеў закрануў на перагаворах у вузкім складзе тэму стварэння новых мультымадальных транспартных калідораў. Ён адзначыў вялікую перспектыўнасць гэтай тэмы і прапанаваў беларускаму калегу абмеркаваць яе ў ліку іншых.