18 лютага, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Старшыня Дзяржстандарта Віктар Назаранка абазначыў галоўныя задачы на 2015 год. Кіраўнік ведамства агучыў іх сёння журналістам перад падагульняючай калегіяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Размова, у прыватнасці, ідзе аб павышэнні экспартнага патэнцыялу айчынных прадпрыемстваў, стварэнні ўмоў для таго, каб яны маглі гандляваць за межамі краіны. "Таму мы хацелі б, каб усе нашы арганізацыі аказвалі ўсялякае садзейнічанне прамысловасці", - адзначыў у сувязі з гэтым Віктар Назаранка.
Другая не менш важная задача - абарона айчыннага рынку ад небяспечнага, няякаснага тавару. Кіраўнік Дзяржстандарта канстатаваў: ва ўмовах вельмі інтэнсіўнага развіцця інтэграцыйных утварэнняў з'явілася шмат фактараў, якія прывялі да росту імпарту, неабароненасці рынкаў ад небяспечнай прадукцыі.
"Што рабіць, мы ведаем, - падкрэсліў кіраўнік ведамства. - Пэўныя пытанні вырашаем пры ўдзеле калег па Мытным саюзе, але ў асноўным усё ж разлічваем на сябе. Уносім змяненні ў заканадаўчыя акты, выбудоўваем сваю работу сумесна з калегамі з Міністэрства аховы здароўя, Мінсельгасхарча, МНС, іншымі нагляднымі органамі для таго, каб быць гатовымі да любых сітуацый".