6 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МЗС Беларусі адзначае пазітыўную дынаміку пакрокавага працэсу нармалізацыі адносін з ЕС і ЗША. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2015 годзе, паведамляе БЕЛТА.
"Пазітыўная дынаміка пакрокавага працэсу нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам і ЗША была падмацавана прыпыненнем дзеяння абмежавальных мер адносна Беларусі, што дало магчымасць істотна павысіць інтэнсіўнасць кантактаў на розных узроўнях", - гаворыцца ў аглядзе.
У МЗС адзначаюць прадаўжэнне актыўнага ўдзелу Беларусі ў мерапрыемствах шматбаковага трэка "Усходняга партнёрства" (УП). Вынікам мэтанакіраванай работы па пашырэнні ініцыятывы Беларусі па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін ЕС і краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" стала стварэнне новай рабочай групы УП па гэтай тэматыцы. Плённа развівалася супрацоўніцтва з ЕС у сферы тэхнічнай дапамогі, у тым ліку па лініі нацыянальнай індыкатыўнай праграмы дзеянняў для Беларусі і праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС "Літва - Латвія - Беларусь" і "Польшча - Украіна - Беларусь".
"Двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы, якія выбудоўваліся з апорай на прагматычнае супрацоўніцтва ў розных галінах, таксама характарызаваліся павышэннем інтэнсіўнасці і ўзроўню двухбаковых кантактаў", - канстатавалі ў знешнепалітычным ведамстве.
У адносінах з ЗША таксама прадоўжыўся сумесны канструктыўны пошук магчымасцей для далейшай нармалізацыі дыялогу. "Актыўна развівалася гандлёва-эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, пашыраліся гуманітарныя кантакты, - адзначаецца ў аглядзе. - На аснове зробленага Беларусь зацікаўлена ў наданні працэсу нармалізацыі адносін з ЗША ўстойлівага характару".