25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аднабаковыя санкцыі ў знешняй палітыцы непрымальныя і контрпрадукцыйныя. Так пракаменціраваў прадаўжэнне прыпынення санкцый супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз на брыфінгу, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Прынцыповая пазіцыя Беларусі па гэтым пытанні застаецца нязменнай: аднабаковыя санкцыі ў знешняй палітыцы непрымальныя і контрпрадукцыйныя. Мы прадоўжым узаемадзеянне з ЗША, якое будзе садзейнічаць адмене амерыканскіх санкцый у адносінах да нашай краіны", - сказаў прэс-сакратар МЗС.
Анатоль Глаз адзначыў, што рэжым прыпынення санкцый адносна прадпрыемстваў, у прыватнасці нафтахімічнага комплексу, прадоўжаны не на 6 месяцаў, як гэта рабілася да гэтага часу, а на год. "Гэты крок Адміністрацыі дзеючага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа будзе садзейнічаць актывізацыі нашых гандлёва-эканамічных адносін з ЗША. Больш таго, гэта вельмі важна для бізнесу, таму што цяпер беларускія і амерыканскія бізнесмены будуць больш упэўнена будаваць доўгатэрміновыя планы свайго дзелавога супрацоўніцтва", - падкрэсліў ён.
Мінфін ЗША прадоўжыў дазвол на правядзенне здзелак з падпаўшымі пад санкцыі беларускімі прадпрыемствамі згодна з указам прэзідэнта ЗША нумар 13405. Размова ідзе аб такіх прадпрыемствах, як Беларускі нафтавы гандлёвы дом, "Белнафтахім" і амерыканскі філіял, "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", "Лакафарба", "Нафтан" і "Полацк-Шкловалакно". Гэта рашэнне будзе дзейнічаць на працягу года - да 25 кастрычніка 2019 года.