У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

22 Кст 2019

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца для беларусаў храмам памяці - Варапаеў

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца для беларусаў храмам памяці - Варапаеў

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца для беларусаў храмам памяці, заявіў журналістам дырэктар установы Уладзімір Варапаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш музей - гэта храм памяці, месца, што дае магчымасць кожнаму чалавеку ўсвядоміць каштоўнасць міру. Наша задача - паказаць наведвальнікам, якой цаной дасталася Вялікая Перамога і што будучыя пакаленні павінны зрабіць, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся. Цяпер многія стараюцца перапісаць гісторыю, а наш музей існуе, каб данесці праўду аб вайне, - сказаў Уладзімір Варапаеў. - У нашых фондах захоўваюцца ўнікальныя рарытэты. Кожны з гэтых прадметаў дарагі для нас".

За апошнія 5 гадоў Музей гісторыі ВАВ наведалі прадстаўнікі больш як 100 дзяржаў. Сярод лідараў - Расія, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Турцыя і Германія. "Нам ёсць што паказаць і расказаць. Кожны чалавек пасля наведвання нашага музея пачынае ўсведамляць усю глыбіню трагедыі і гераізму савецкага народа, праяўленага ў гады вайны. Наш народ заваяваў гэту Вялікую Перамогу, і мы нікому яе не аддадзім, - падкрэсліў Уладзімір Варапаеў. - У сваю чаргу музей не стаіць на месцы, мы стараемся абнаўляць нашы экспазіцыі і здзіўляць сваіх наведвальнікаў".

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 22 кастрычніка 1944 года ў адным з уцалелых у гады вайны будынкаў - Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У 1966 годзе музей перамясціўся ў будынак па праспекце Леніна, 25а (цяпер праспект Незалежнасці). Па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі ў красавіку 2010 года пачалося ўзвядзенне новага будынка музея на праспекце Пераможцаў. Цырымонія адкрыцця прайшла 2 ліпеня 2014 года.

Фонды музея, якія складаюцца з 30 калекцый, налічваюць звыш 154 тыс. адзінак захоўвання. Гэта фотаздымкі, дакументы, пісьмы, асабістыя рэчы франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў. Асаблівую значнасць маюць калекцыі рукапісных партызанскіх часопісаў і самаробнай партызанскай зброі. Часопісы з'яўляюцца своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця партызан Беларусі, а кожны прадмет з калекцыі самаробнай зброі створаны рукамі таленавітых партызанскіх майстроў-збройнікаў.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па праву лічыцца нацыянальным здабыткам краіны. Ён захоўвае памяць аб незаменных стратах і неймаверных цяжкасцях, якія вынес на сваіх плячах беларускі народ у гады вайны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс