Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

17 Ліп 2014

Мусіенка: Пытанні беларуска-ўкраінскіх гандлёвых адносін павінны вырашацца шляхам перагавораў

Мусіенка: Пытанні беларуска-ўкраінскіх гандлёвых адносін павінны вырашацца шляхам перагавораў

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні беларуска-ўкраінскіх гандлёвых адносін павінны вырашацца шляхам перагавораў. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Аналітычнага цэнтра EcooM палітолаг Сяргей Мусіенка, каменціруючы рашэнне Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Украіны аб увядзенні спецпошліны на імпарт шэрага тавараў з Беларусі.

Сяргей Мусіенка адзначыў, што Беларусь ніколі не спыняла супрацоўніцтва з Украінай у гандлёва-эканамічнай сферы. Больш таго, беларускі бок, нягледзячы на падпісанне Кіевам эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, адмовіўся выключыць Украіну з зоны свабоднага гандлю СНД. Пры гэтым тыя меры, якія датычацца ліцэнзавання імпарту кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза (з 1 чэрвеня), Беларусь прыняла выключна як удзельнік МС. "З нашага боку гэта быў вымушаны крок, і інакш зрабіць мы не маглі", - падкрэсліў палітолаг.

Ён упэўнены, што ў гэтай сітуацыі дзеянні ўкраінскага боку з'яўляюцца непрадуманымі і з-за іх яна панясе сур'ёзныя фінансавыя страты. "І калі паглядзець на колькасць пазіцый, якія закранаюць спецпошліны, узнікае адчуванне, што такое рашэнне навязана звонку, - сказаў Сяргей Мусіенка. - У існуючай сітуацыі Украіне, наадварот, трэба знаходзіць кампрамісы (з іншымі краінамі. - Заўвага БЕЛТА) і вырашаць эканамічныя пытанні".

Палітолаг таксама лічыць, што Беларусь для Украіны з'яўляецца нітачкай узаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы не толькі ў рамках МС, але і на прасторы Садружнасці ў цэлым. "Не трэба скідаць з рахунку тое, што мы - сталіца СНД і ўзялі на сябе абавязацельства Украіны па старшынстве ў Садружнасці ў 2014 годзе. Мы гатовы працягнуць гэтай краіне руку дапамогі. Любы канфлікт рана ці позна заканчваецца, і нашым краінам трэба шукаць базу для нармальнага ўзаемадзеяння ў далейшым. У першую чаргу, трэба сесці за стол перагавораў і абмеркаваць праблемы, якія ўзніклі ў гандлёва-эканамічных адносінах, прааналізаваць сітуацыю", - упэўнены Сяргей Мусіенка.

Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі Украіны прыняла рашэнне аб увядзенні спецпошліны на імпарт шэрага тавараў з Беларусі. У прыватнасці, размова ідзе аб устанаўленні спецыяльнай пошліны ў памеры 55,29 працэнта мытнага кошту тавару на імпарт з Беларусі кандытарскіх вырабаў, малочнай прадукцыі, электрычных лямпаў напальвання, угнаенняў і халадзільнікаў. Акрамя таго, уводзіцца спецпошліна адносна імпарту беларускіх гумавых шын, соладавага піва, а таксама камплектуючых для халадзільнага абсталявання. Яе памер - 60,05 працэнта мытнага кошту тавару. Спецпошліна будзе прымяняцца з моманту ўступлення ў сілу рашэння камісіі (яно ўступае ў сілу праз 10 дзён з дня апублікавання паведамлення) і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2016 года ўключна.

Беларусь як член Мытнага саюза з 1 чэрвеня ўвяла ліцэнзаванне імпарту кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Гэта часовая мера, якая будзе дзейнічаць да 30 лістапада 2014 года. Таксама з 1 мая і да 31 кастрычніка гэтага года ліцэнзаванню падлягае імпартнае піва.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі