23 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь гатова забяспечыць усе неабходныя ўмовы для правядзення ў Мінску сустрэчы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
"У выпадку, калі бакамі будзе прынята такое рашэнне, Беларусь гатова забяспечыць усе неабходныя ўмовы для такой сустрэчы ў Мінску", - сказаў прэс-сакратар.
Раней ТАСС распаўсюдзіла інфармацыю са спасылкай на заходнюю дыпламатычную крыніцу, што сустрэча кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі" (Расія, Украіна, ФРГ, Францыя) можа прайсці ў Мінску ў канцы лістапада: "Пытанні аб правядзенні такой сустрэчы ўзнімаюцца. Не выключана, што кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў чатырох краін збяруцца ў сталіцы Беларусі да канца бягучага месяца", - заявіў ТАСС субяседнік. Кіраўнік МЗС ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер пацвердзіў падрыхтоўку сустрэчы кіраўнікоў МЗС.