5 ліпеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь ручаецца за якасць сваёй прадукцыі і праводзіць дасканалую праверку па кожнай прэтэнзіі. Аб гэтым сёння журналістам заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання - дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандр Субоцін, каменціруючы сітуацыю з пастаўкамі сухога малака ў Расію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што беларуская прадукцыя - высокай якасці і ён асабіста за гэта ручаецца. "Мы даражым гэтай якасцю і нашым іміджам", - падкрэсліў намеснік міністра.
Прадстаўнік Мінсельгасхарча дадаў, што пры ўзнікненні любых прэтэнзій да якасці прадукцыі беларускі бок сам прыпыняе экспарт гэтай прадукцыі, вытворчасць і спрабуе разабрацца. Калі ў ходзе праверкі выяўляюцца недахопы ў рабоце прадпрыемства, то вытворчасць прыпыняецца да ўстаранення недахопаў, растлумачыў Аляксандр Субоцін. Калі прэтэнзіі не абгрунтаваны, то рыхтуецца аргументаваны адказ тым, хто іх прад'яўляў.
Паводле слоў намесніка міністра, пакуль сітуацыя з пастаўкамі беларускага сухога малака ў Расію не мае патрэбы ў каментарыях. "Было пісьмо Рассельгаснагляду з прэтэнзіямі ў наш адрас. Мы самі прыпынілі прадпрыемствы і цяпер спрабуем разабрацца", - расказаў Аляксандр Субоцін. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што гэты факт не сведчыць аб нездавальняючай якасці беларускай прадукцыі ў цэлым.
Аляксандр Субоцін удакладніў, што з буйнейшых беларускіх экспарцёраў сухога малака ў Расію прыпынены пастаўкі прадукцыі толькі мінскага Гармалзавода нумар 1.