9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі бок з задавальненнем успрыняў той факт, што ў нямецкім парламенце створана група па ўзаемадзеянні. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч у час сустрэчы з паслом ФРГ у Беларусі Вольфрамам Маасам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з задавальненнем успрынялі інфармацыю аб тым, што ў Бундэстагу новага склікання створана германа-беларуская парламенцкая група на чале з дэпутатам Качмарэкам (Оліверам Качмарэкам. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён падкрэсліў, што Беларусь хацела б актывізаваць супрацоўніцтва на міжпарламенцкім узроўні.
Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што двухбаковыя адносіны Беларусі і ФРГ развіваюцца пазітыўна. Ён падзякаваў паслу за тое, што дыпламат прыкладае даволі шмат намаганняў і энергіі, каб адносіны дзвюх краін мелі трывалы і доўгатэрміновы характар. "Жыццё, эканамічнае і палітычнае, бурна змяняецца. Гэта патрабуе ад нас усіх пошуку новых рашэнняў як у гандлёва-эканамічнай, так і іншых сферах дзейнасці", - сказаў спікер Савета Рэспублікі.
Міхаіл Мясніковіч выказаў жаданне абмеркаваць з кіраўніком нямецкай дыпмісіі пытанні актуалізацыі двухбаковых адносін і ўзгодненай работы ў міжнародных арганізацыях.