1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь становіцца інтэграцыйнай пляцоўкай для разгляду пытанняў еўрапейскага парадку дня. Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 1 чэрвеня на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міхаіл Мясніковіч, у прыватнасці, звярнуў увагу, што гэтымі днямі ў Мінску прайшло пасяджэнне Парламенцкага камітэта Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, на якім прысутнічалі прадстаўнікі 12 дзяржаў, у тым ліку Еўрасаюза. Гэта максімальная колькасць краін, якія калі-небудзь прымалі ўдзел у веснавым мерапрыемстве па лініі ЦЕІ. Спікер лічыць, што гэта вельмі добры знак. "Беларусь становіцца інтэграцыйнай пляцоўкай, дзе можна разглядаць пытанні еўрапейскага парадку дня", - сказаў старшыня верхняй палаты парламента.
Ён адзначыў, што па выніках пасяджэння Парламенцкага камітэта ЦЕІ былі прыняты два важныя дакументы, якія выносіліся на разгляд, прычым адзін з іх датычыцца ўнясення паправак у статутныя дакументы ініцыятывы.
Спікер таксама нагадаў, што Беларусь да верасня 2017 года выступае сустаршынёй Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства", і ў другой палавіне мая ў Мінску адбылося пасяджэнне Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства". Міхаіл Мясніковіч прызнаўся, што старшынстваваць у абедзвюх арганізацыях даволі клапотна, аднак беларускі бок робіць усё магчымае, каб справіцца з пастаўленымі задачамі на дастойным узроўні.
Кіраўнік Савета Рэспублікі дадаў, што па лініі мясцовага самакіравання восенню плануецца арганізаваць мерапрыемства пад эгідай Савета Еўропы. Размова ідзе пра Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы, дзе Беларусь мае статус запрошанага наглядальніка.
У сваю чаргу Андрэа Віктарын адзначыла, што старшынства Беларусі ў ЦЕІ дае краіне пэўныя перавагі, таксама як і сустаршынства ў Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства". Гэта пэўным чынам уплывае на палітычныя адносіны і эканамічнае развіццё, а таксама дае магчымасці для кааперацыі.