У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

5 Крс 2017

Малкіна: Сумесны праект з ЕС садзейнічаў развіццю зялёнай эканомікі ў Беларусі

Малкіна: Сумесны праект з ЕС садзейнічаў развіццю зялёнай эканомікі ў Беларусі

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесны праект з ЕС садзейнічаў развіццю зялёнай эканомікі ў Беларусі. Аб гэтым заявіла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна на цырымоніі адкрыцця міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Зялёная эканоміка ў Беларусі: праблемы і шляхі развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Канферэнцыя падводзіць вынікі праекта "Тэхнічная дапамога для падтрымкі развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі", які фінансаваўся ЕС і рэалізоўваўся кансорцыумам пад кіраўніцтвам Hulla and Co Human Dynamics. Праект быў накіраваны на інстытуцыянальныя пераўтварэнні, у тым ліку ў заканадаўстве Беларусі. Ён рэалізоўваўся больш за два гады і цяпер падышоў да завяршэння. З дапамогай праекта быў распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Беларусі да 2020 года, які зацвердзіў урад у снежні мінулага года. Другі вельмі важны напрамак - арганічнае земляробства. У план законапраектаў Беларусі на 2017 год уключаны закон аб арганічным земляробстве, асновы якога распрацоўваліся менавіта дзякуючы экспертам, што прыцягваліся праз гэты праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Для Беларусі гэта новы напрамак, тут ёсць вельмі вялікі патэнцыял развіцця экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і стварэння новых рабочых месц у сельскай мясцовасці. Таксама вялася работа ў галіне сертыфікацыі тавараў, работ, паслуг. Гэтыя напрацоўкі ў далейшым будуць уключаны ў экалагічныя нормы і правілы, дзе будуць вызначаны нарматывы якасці навакольнага асяроддзя. Апошнія некалькі гадоў Беларусь прыхільная выбранаму вектару развіцця зялёнай эканомікі, сказала Ія Малкіна.

Першы намеснік міністра адзначыла, што асабліва актуальным развіццё зялёнай эканомікі становіцца ў Год навукі. "Мы з гордасцю заўсёды гаворым аб тым, што наша краіна мае высокі інтэлектуальны патэнцыял. Але трэба ісці крыху наперадзе таго, што сёння дыктуе сусветная супольнасць. Мы спадзяёмся, што напрацоўкі беларускіх вучоных дапамогуць нам у рэалізацыі тых мэт, якія мы паставілі, зацвердзіўшы Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі да 2020 года", - сказала яна.

Кіраўнік аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Фрэдэрык Куне адзначыў, што праз Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя былі наладжаны важныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. "За час рэалізацыі праекта было зроблена многае. З нецярпеннем чакаем ажыццяўлення новых праграм і ўпэўнены, што разам мы можам вельмі многага дасягаць", - дадаў ён.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Зялёная эканоміка ў Беларусі: праблемы і шляхі развіцця" праходзіць сёння ў Мінску. Яе праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Інстытутам эканомікі НАН Беларусі і пры садзейнічанні праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Тэхнічная дапамога для падтрымкі развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам Hulla and Co Human Dynamics. Канферэнцыя нацэлена на фарміраванне метадычных падыходаў Беларусі для пераходу да мадэлі ўстойлівага развіцця, на пашырэнне перадавых навуковых дасягненняў у прыярытэтных галінах зялёнай эканомікі, вызначаных Нацыянальным планам дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі да 2020 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс