20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей упэўнены ў неабходнасці дыялогу паміж ЕС і ЕАЭС. Аб гэтым ён заявіў 19 лютага журналістам па выніках сустрэчы са сваім латвійскім калегам Эдгарсам Рынкевічсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Упэўнены, што дыялог паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам неабходны, і ён павінен садзейнічаць збліжэнню, а не ўтварэнню раздзяляльных ліній", - сказаў Уладзімір Макей.
Пры гэтым ён адзначыў: "Мы добра разумеем стрыманыя адносіны да нашага інтэграцыйнага аб'яднання з боку Еўрасаюза. Многія бачаць у ім спробу аднавіць Савецкі Саюз. Аднак Беларусі выгадны ўдзел у ЕАЭС з пункту гледжання эканомікі, і мы будзем у ім удзельнічаць".
Міністр замежных спраў таксама звярнуў увагу, што ЕАЭС - адносна маладое інтэграцыйнае фарміраванне, якому яшчэ рана гаварыць аб агульным рынку, што функцыянуе без выключэнняў і абмежаванняў. "На Усходзе і Захадзе ў перспектыве трэба будаваць адносіны на тым, што аб'ядноўвае, шукаць сумесны базіс, выбудоўваць эканамічна выгаднае супрацоўніцтва для ўсіх краін", - сказаў ён.
"Рана ці позна трэба будзе наладжваць дыялог паміж ЕС і ЕАЭС, але дзейнічаць пры гэтым не "лабавым наскокам", паступова", - лічыць кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У сваю чаргу Эдгарс Рынкевічс, гаворачы аб перспектыўным узаемадзеянні дзвюх інтэграцыйных структур, заўважыў, што ў ЕС цяпер на гэты конт вядуцца дыскусіі. "Неабходна вызначыцца з некаторымі пытаннямі", - сказаў ён.
У прыватнасці, кіраўнік МЗС Латвіі лічыць першарадным абазначыць узровень перагавораў па лініі ЕС - ЕАЭС і фармат гэтых перагавораў, а таксама дакладна вызначыцца, чаго хочуць дасягнуць бакі. "Гэтыя пытанні 28 краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, павінны абгаварыць. Пройдзе пэўны час, перш чым будзе выпрацавана пазіцыя па гэтым пытанні ўнутры Еўрасаюза", - заўважыў ён. У той жа час, паводле яго слоў, цяпер ёсць адзін фактар, які нельга не ўлічваць, - гэта неабходнасць хутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. "Яна ўплывае на магчымасць пачатку дыялогу", - сказаў Эдгарс Рынкевічс.
Ён таксама звярнуў увагу, што Еўрасаюз у выпадку выпрацоўкі мадэлі адносін паміж ЕС і ЕАЭС не мае намеру страчваць індывідуальныя напрацоўкі ў адносінах, якія склаліся з краінамі, што адначасова з'яўляюцца членамі ініцыятывы "Усходняе партнёрства", - Беларуссю і Арменіяй. "Усходняе партнёрства" не супярэчыць свабодзе выбару эканамічнай інтэграцыйнай мадэлі, якую выбралі гэтыя дзяржавы, - падкрэсліў міністр.