4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па прынцыповых пытаннях паміж Беларуссю і Расіяй ніколі не было і не будзе рознагалоссяў. Перакананасць у гэтым выказаў сёння журналістам кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей адзначыў, што паміж суб'ектамі гаспадарання дзвюх краін могуць быць рознагалоссі, канкрэтныя праблемныя пытанні не выключаны ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. "Але па прынцыповых пытаннях знешнепалітычнага характару або звязаных з бяспекай паміж Беларуссю і Расіяй ніколі не было і, упэўнены, не будзе ніякіх рознагалоссяў", - падкрэсліў міністр.
Ён дадаў, што ў дзвюх краін няма праблем у аказанні падтрымкі адна адной на міжнародных пляцоўках. "Мы падтрымліваем адзін аднаго ўсюды, і ў нас наладжана вельмі цеснае ўзаемадзеянне ў гэтым плане", - заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Расіі ў 2016 годзе па выніках сумеснай калегіі падпісалі праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі. У дакуменце адлюстраваны ўсе аспекты двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку на міжнародных пляцоўках, нагадаў Уладзімір Макей. У чэрвені знешнепалітычныя ведамствы правядуць чарговую сумесную калегію, прымеркаваную да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Расіяй.