20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі бок рашуча і бескампрамісна асуджае тэрарызм і насілле ў любых яго праявах. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у тэлефоннай размове з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства выказаў свайму расійскаму калегу, родным і блізкім загінулага пасла Расіі ў Турцыі Андрэя Карлава, а таксама ўсім супрацоўнікам дыпламатычнай службы Расійскай Федэрацыі глыбокія і шчырыя спачуванні.
У распаўсюджанай заяве прэс-службы МЗС Беларусі ў сувязі з забойствам расійскага пасла ў Анкары падкрэсліваецца, што тэрарыстычным атакам на дыпламатаў, якія робяць усё магчымае для пошуку рашэнняў міжнародных канфліктаў, умацавання міру, дружалюбных адносін паміж краінамі і народамі, не можа быць апраўдання. "Выказваем шчырыя спачуванні сям'і і блізкім трагічна загінулага пры выкананні дыпламатычнага абавязку Пасла Андрэя Карлава, які аддаў шмат сіл працэсу ўсталявання міру і спакою ў рэгіёне Блізкага Усходу. Жадаем хутчэйшага выздараўлення ўсім, хто быў паранены ў выніку нападзення", - гаворыцца ў заяве.