11 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь катэгарычна супраць новых канфрантацый і раздзяляльных ліній у Еўропе. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы сёння на міжнароднай канферэнцыі "Мінскія пагадненні праз год: дасягненні, выклікі, урокі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей адзначыў, што сучасны свет, як ніколі, мае патрэбу ў логіцы стварэння і спалучэння, а не размежавання і канкурэнцыі. Наяўнасць розных поглядаў на працэсы ўнутрыдзяржаўнага ўладкавання і знешнепалітычныя арыенціры не павінны станавіцца падставай для канфрантацыі і новых раздзяляльных ліній. Наадварот, максімальнае выкарыстанне магчымасцей і пераваг кожнай дзяржавы можа стаць важным укладам у стварэнне моцнай і працвітаючай Еўропы. "Мы гэта бачым у хутчэйшым і рэальным увасабленні ідэі "інтэграцыі інтэграцый". На нашу думку, гэта адпавядае інтарэсам і Расіі, і Украіны, і краін ЕС", - сказаў міністр.
Уладзімір Макей адзначыў, што традыцыі беларускай дзяржаўнасці, якія абапіраюцца на шматвяковы вопыт выбудоўвання ўзаемаадносін з суседзямі як на Усходзе, так і на Захадзе, у многім прадвызначылі імкненне народа да міру і згоды, стваральную накіраванасць беларускай знешняй палітыкі. Адсюль бярэ пачатак шчырае жаданне Беларусі зрабіць усё магчымае для забеспячэння стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, для хутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, падкрэсліў кіраўнік МЗС.