15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова накіраваць міратворчы кантынгент ва Украіну, каб садзейнічаць аднаўленню міру ў гэтай краіне. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках сустрэчы ў Маскве з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей нагадаў, што яшчэ ў 2014 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу Euronews заявіў, што Беларусь гатова накіраваць ва Украіну міратворчы кантынгент, каб садзейнічаць аднаўленню міру і спакою ў краіне.
"Мы гатовы выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна для ўсіх зацікаўленых краін, для таго, каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач", - сказаў міністр.
Дыпламат падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі па сітуацыі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны даўно вядома: рэспубліка вельмі зацікаўлена ў хутчэйшым устанаўленні там стабільнасці. "Мы, вядома ж, гатовы зрабіць усё для таго, каб гэта канфліктная сітуацыя, якая сёння існуе, вырашылася, і ў гэтыя раёны прыйшлі мір і спакой", - адзначыў ён.
Уладзімір Макей нагадаў, што Мінск стаў пляцоўкай для рэгулярных перагавораў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. "Як бы хто ні ацэньваў дзейнасць гэтай трохбаковай кантактнай групы, я лічу, што яна ўносіць важны ўклад ва ўрэгуляванне крызісных сітуацый. Мы маем намер і ў далейшым прадастаўляць пляцоўку, рабіць усё магчымае для забеспячэння міру і стабільнасці ў гэтым рэгіёне", - заявіў ён.
У сваю чаргу Сяргей Лаўроў адзначыў, што пазіцыя Беларусі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне адлюстроўвае і пазіцыю Расіі, якая зафіксавана ў праекце рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН. Аднак гэты дакумент, паводле яго слоў, пару месяцаў ужо ляжыць на стале, і яго абмеркаванне сабатуецца. "Работа над гэтай тэмай прадаўжаецца. У нашым праекце рэзалюцыі абазначаны абсалютна неабходныя крытэрыі міратворчай аперацыі, якія ўстаноўлены ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", - звярнуў ён увагу.