2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе праводзіць шматвектарную палітыку. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у эфіры праграмы "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", каменціруючы адну з тэм, закранутых у час адкрытага дыялогу Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі СМІ, паведамляе БЕЛТА.
"Ніякіх шараханняў не будзе, будзе праводзіцца шматвектарная палітыка, зыходзячы з інтарэсаў Беларусі і яе народа", - растлумачыў ён.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, "пустыя разважанні аб кіданнях паміж Усходам і Захадам звычайна ўзнікаюць напярэдадні важных падзей у краіне і проста выгадны пэўным палітычным сілам".
Міністр замежных спраў пракаменціраваў і заявы аб тым, што Беларусь палепшыла адносіны з Захадам дзякуючы сітуацыі ва Украіне. "Мяне такая пастаноўка пытання здзіўляе. Нас шчыра непакоіць тое, што адбываецца ва Украіне, і мы зацікаўлены ў тым, каб там як мага хутчэй аднавіць мір і стабільнасць. Наша шчырая пазіцыя па Украіне садзейнічала толькі таму, што еўрапейцы і амерыканцы сталі лепш разумець матывы нашых паводзін у сферы знешняй палітыкі", - падкрэсліў Уладзімір Макей.