18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Існуючыя паміж Беларуссю і Іранам адносіны вызначаюцца прагматызмам, мэтанакіраванасцю ў будучае і паступальным развіццём. Аб гэтым заявіў 17 лютага міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у час урачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынка пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паміж нашымі краінамі няма ніякіх палітычных праблем. Мы падтрымліваем адзін аднаго на міжнароднай арэне і маем намер рабіць гэта і ў далейшым", - сказаў Уладзімір Макей.
Міністр расказаў, што беларускі і іранскі бакі абмяркоўвалі, як надаць адносінам дынамізм і паглыбіць іх у розных сферах: гуманітарнай, навуковай, інвестыцыйнай, спартыўнай і іншых. "Мы дасягнулі канкрэтных дамоўленасцей, і я перакананы, што выканаем усе вялікія мэты, якія паставілі перад сабой, - адзначыў ён. - Мы прыкладзём максімум намаганняў, каб адносіны паміж Беларуссю і Іранам развіваліся дынамічна і адпавядалі ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння".
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Ірана Махамад Джавад Зарыф звярнуў увагу, што новы будынак пасольства - сімвал выдатных адносін Ірана і Беларусі. "У нас добрыя адносіны ў палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах. Яны павінны пашырацца яшчэ больш на карысць двух народаў і для развіцця нашых краін. У гэтым будынку пакуль яшчэ шмат незапоўненых памяшканняў, а значыць нашы краіны выбудоўваюць адносіны на перспектыву. Мы прыкладзём максімум намаганняў", - адзначыў кіраўнік ведамства.