5 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Заходні і ўсходні вектары беларускай знешняй палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях удзелу ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам трэба актыўней пераадольваць холад блокавага процістаяння пашырэннем ідэі "інтэграцыі інтэграцый". Унікальнае становішча на стыку ЕАЭС і ЕС абавязана прыносіць Беларусі карысць. У ідэале заходні і ўсходні вектары беларускай знешняй палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, цяпер адбываецца адваротнае - зрухі ў дыялогу з Захадам выклікаюць раздражненне ў Маскве і наадварот.
"Да балансу мы прыйдзем толькі тады, калі рынак ЕС для нас ператворыцца ў рэальную альтэрнатыву расійскаму не на паперы, а на справе, па канкрэтных выніках", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.