7 чэрвеня, Наваполацк /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Забеспячэнне Беларусі вуглевадародамі і палівам - адзін з найважнейшых фактараў незалежнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, размаўляючы з працоўным калектывам ААТ "Нафтан", дзе прайшла нарада па пытаннях мадэрнізацыі беларускіх НПЗ і павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы пра нараду, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што вырашаліся ў тым ліку сур'ёзныя палітычныя пытанні. Два беларускія НПЗ разам са здабыўной кампаніяй "Беларуснафта" кіраўнік дзяржавы назваў асновай нацыянальнай эканомікі. "Ад таго, будуць працаваць гэтыя прадпрыемствы ці не, залежыць у будучым жыццё многіх беларусаў. Таму што сёння без паліва нікуды, як мы ні гаварылі б, што прыходзяць альтэрнатыўныя віды, будуем атамную станцыю, менш будзем на 5-6 млрд куб.м закупляць прыроднага газу", - заўважыў ён.
"Вы бачыце, як сябе паводзяць нашы асноўныя партнёры - старэйшы брат на ўсходзе. Гэта падатковы манеўр і іншае паставіла нашы прадпрыемствы ў вельмі сур'ёзную сітуацыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу таксама на вялікую валацільнасць сусветных цэн на нафту. "Асноўныя ігракі - Амерыка, Расія, саудаўцы вы ведаеце, як сябе паводзяць. То "ОПЕК плюс", то "ОПЕК мінус". Усе спрабуюць сваё шчасце знайсці ці то індывідуальна, ці то аб'яднаўшыся", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на шэрагу іншых сусветных праблем, у тым ліку гандлёвых войнах паміж ЗША і Кітаем, розных санкцыйных рэжымах. "Разумееце, у якой сітуацыі знаходзіцца Расія, дзе мы купляем асноўную сваю сыравіну. Вельмі няпростая сітуацыя", - канстатаваў беларускі лідар.