18 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін павінен падцягнуць за сабой і эканоміку дзвюх краін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў апошнія дні Чжан Дэцзян паспеў правесці ў Беларусі нямала афіцыйных сустрэч - усе яны былі прадметнымі і змястоўнымі.
"Думаю, вы заўважылі, што прыярытэтная ўвага ў ходзе перагавораў удзяляецца пытанням эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння. Гэта не дзіўна. Мы чакаем, што высокі ўзровень нашых палітычных адносін падцягне за сабой і эканоміку, перш за ўсё Беларусі да тых тэмпаў і вышынь, якіх дасягнулі вы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць шэраг пытанняў аб развіцці ўзаемадзеяння ў інвестыцыйнай, гандлёвай і фінансавай сферах. Адной з галоўных тэм перагавораў стала далейшае станаўленне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Бакі разгледзелі супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай і фінансавай галінах.
Перспектыўнымі з'яўляюцца і іншыя сферы супрацоўніцтва. Напрыклад, сфера турызму. "Вы самі пераканаліся ў прыгажосці Беларусі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Тут ёсць што паглядзець, ёсць дзе адпачыць. Мы вельмі спадзяёмся, што грамадзяне вялікага Кітая, наведаўшы нашу цудоўную краіну, знойдуць тут магчымасць адпачыць".