29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі не будуць адступаць ад правіла прамой, шчырай размовы ўлады і народа. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам - шляхам прамой, шчырай размовы ўлады і народа. І ў далейшым не будзем адступаць ад гэтага правіла", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне не так даўно "супакоілі" сітуацыю на валютным рынку. Аднак тэмпы росту эканомікі скараціліся, многія прадпрыемствы загружаны прадукцыяй, якая не мае збыту.
Паводле слоў Прэзідэнта, у СМІ, у грамадстве ўсё часцей абмяркоўваюцца вострыя пытанні. У прыватнасці, чаму засталіся нявыкананымі тыя абяцанні па сярэдняй зарплаце ў краіне, якія ўлада публічна давала людзям, чаму буксуе прамысловасць, нягледзячы на значную дапамогу дзяржавы і пастаянную ўвагу на ўсіх узроўнях улады. "Але, галоўнае, людзі чакаюць адказу на ключавое пытанне: што будзе далей? Што будзе з курсам рубля і цэнамі? Што будзе з рабочымі месцамі як на дзяржпрадпрыемствах, так і ў прыватным сектары? Што новага прапануе ўлада ў адказ на відавочныя крызісныя з'явы ў нашай эканоміцы і ў эканоміцы нашых суседзяў?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Гэта складаныя і часта непрыемныя пытанні, прызнаў Аляксандр Лукашэнка. "Лягчэй за ўсё было б адысці ад іх і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Але па-сапраўднаму моцная палітыка заўсёды заснавана на шчырасці. Сумленнае прызнанне праблемы - гэта палавіна яе вырашэння", - лічыць беларускі лідар.